ха́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да хакаць.
2. Гучна выдыхнуць паветра. Маёр ажно хакнуў ад задавальнення. Няхай.
ха́ла, ‑ы, ж.
Біты белы хлеб прадаўгаватай формы. Маці паставіла гасцям гарэлку, шабасовую рыбу, халу. Бядуля.
[Стараж.-яўр.]
халадабо́йня, ‑і, ж.
Невялікая бойня з халадзільнікамі, дзе захоўваюць мяса забітай жывёлы.
халада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. безас. Пра наступленне халадоў, паніжэнне тэмпературы паветра. Зноў як бы ўзнімаўся вецер і халадала. Чорны. Нізіны зацягвала туманам. Халадала. Шамякін. Халадала. Але ад перагрэтага асфальту ўсё несла чадным духам. Вышынскі.
2. Разм. Тое, што і халадзець (у 2, 3 знач.). І жорсткія думкі, ад якіх аж халадала спіна.., не пакідалі яго [Шмульке] ні на момант. Лынькоў.
3. Разм. Пакутаваць ад холаду; мерзнуць. Бабкі, прабабкі Ішлі пехатой, Ішлі месяцамі Да Лаўры святой. Давалі зарок. Халадалі, пасцілі, Каб іх ацанілі, Грахі адпусцілі. Барадулін.
халаджа́вы, ‑ая, ‑ае.
Які дае, нясе прахалоду. Напоены водарам дзікай красы, Паветрам азёр халаджавых, Былі тыя пушчы, балоты, лясы Як бы самастойнай дзяржавай. Глебка. Гладзь вады ўтаймаваная, ціхая, Халаджавай спакусаю дыхае. Дзяргай.
халадзе́ц, ‑дцу, м.
Страва з загуслага пры ахаладжэнні мяснога або рыбнага адвару з дробнымі кавалачкамі мяса або рыбы. На сталах у гліняных паліваных місах стаяў халадзец, у талерках мяса, на ўсім стале раскладзены булкі. Сабаленка.
халадзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца халодным, халаднейшым. Ночы халадзеюць. □ Замірае лета, Заціхаюць далі, Сірацее рэчка, Халадзеюць хвалі. Колас. / Пра чалавека перад смерцю. Пятнаццацігадовы хлапец чуў, як халадзее рука бацькі, як з кожнай хвілінай астывае яго кроў, як падступае смерць. Самуйлёнак. Твар [старой] халадзеў — Наталля, хоць і не спрактыкаваная, але бачыла, што патухае жыццё. Чорны.
2. Адчуваць холад; мерзнуць. Прыйшлі сёстры, каб раздаць зелле і зрабіць перавязкі. Рукі ў сясцёр мерзлі, халадзелі. Галавач. Ліў дождж, але Марусаў ужо не звяртаў па яго ўвагі: пінжак быў мокры, халадзела спіна, чвякала вада ў чаравіках. М. Стральцоў.
3. Адчуваць холад ад моцнага хвалявання, страху і пад. Назіраючы, з якой страшэннай сілай вырываюцца іскры з вагранкі, [Міхаіл] халадзеў і хваляваўся. Карпаў. Сіліцца Вольга прачнуцца — і не можа, халадзее ад страху: заснула! Місько. / у безас. ужыв. Ад гэтых успамінаў халадзела ў грудзях, сціскала горла, на вачах наварочваліся слёзы. Жычка.
•••
Кроў халадзее (у жылах) — тое, што і кроў ледзянее (стыне) (у жылах) (гл. кроў).
халадзёнка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Абл. Халодная вада. А дзядзька Хрол, ужо абдаўшы халадзёнкаю сцены лазні, уздае поўнай конаўкаю на венікі. Сіпакоў.
халадзі́льнік, ‑а, м.
1. Спецыяльнае збудаванне, памяшканне з паніжанай тэмпературай для захоўвання або перавозкі прадуктаў, якія хутка псуюцца. Вагон-халадзільнік. □ Крыху далей, на другім баку пасёлка, на ўзгорку пад соснамі знаходзіцца рыбакансервавы завод. Побач з ім высіцца белы будынак халадзільніка. В. Вольскі. // Шафа з халадзільнай устаноўкай. Маці вынесла ў тазе на балкон сала, масла і прыкрыла газетай. — Не трэба і халадзільніка, — радавалася яна. — Заўсёды свежае будзе. Даніленка.
2. Частка машыны, спецыяльнае прыстасаванне для ахаладжэння чаго‑н. Халадзільнік паравой машыны.
халадзі́льны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаецца, служыць для ахаладжэння, замарожвання. Халадзільная ўстаноўка.