Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тавары́скі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да таварыша (у 1, 2 знач.). Мы шчаслівыя жыць,.. штодзённа адчуваючы дабратворную цеплыню і натхняючую сілу бескарыслівай узаемадапамогі і таварыскай падтрымкі. Машэраў.

2. Уласцівы таварышу, таварышам; шчыры, сяброўскі. Тое, што за звычайнымі таварыскімі словамі таілася і нарастала больш глыбокае пачуццё, Паходня разумеў, але недастаткова ўяўляў, як іх адносіны могуць развівацца далей. Хадкевіч. Да позняй ночы ішла ля кастра таварыская гутарка. Лынькоў.

3. Кампанейскі, які лёгка ўступае ў кантакты з другімі; згаворлівы. [Самуйлёнак] быў вельмі таварыскім і ўважлівым да людзей, у якіх прыкмячаў здольнасці і працавітасць. Хведаровіч. І сапраўды, ён [мінамётчык] усім спадабаўся: шчыры, няхітры, таварыскі. Грамовіч.

4. Які не мае афіцыяльнага характару (пра спартыўныя спаборніцтвы). Таварыская сустрэча хакейных каманд.

•••

Таварыскі суд гл. суд.

тавары́ства, ‑а, н.

1. Таварыскія адносіны, таварыскасць; блізкасць, заснаваная на такіх адносінах. Прайшоўшы дарогаю мужных, Пазнаўшы і радасць і сум, Цану таварыству і дружбе Я ў сэрцы трывалым нясу. Звонак. Перамогі герояў .. прасякнуты пафасам услаўлення ідэі таварыства. «Полымя».

2. зб. Разм. Група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, заняткам і пад. У канцы вуліцы ўжо і сапраўды сабралася амаль усё Ганьчына таварыства: Грышка Адамаў, Пецька Бурбалка, Анютка Корбутава, Маня. Васілевіч. У мінулую восень, калі ўсё іх крыху старэйшае таварыства ўпершыню падалося ў школу, гэтыя дзеці таксама не хацелі адставаць. Кулакоўскі.

3. Арганізацыя (вытворчая, гандлёвая і пад.), у якую ўваходзяць раўнапраўныя ўдзельнікі. Крэдытнае таварыства. Акцыянернае таварыства. □ Гандлёвае таварыства ці, як у статут было ўпісана, «кааператыў», шырылася вельмі ўдала. Чорны. У Беларусі ... пачалі стварацца культурна-асветніцкія саюзы, выдавецкія таварыствы, бібліятэкі і чытальні. Івашын.

•••

Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (Чырвоны Крыж) — арганізацыя для аказання дапамогі насельніцтву, пацярпеўшаму ў вайну і ад стыхійнага няшчасця.

тава́рыш, ‑а, м.

1. Чалавек, блізкі каму‑н. па агульнасці поглядаў, дзейнасці, умовах жыцця і пад. Школьны таварыш. Таварыш па працы. Таварыш па барацьбе. □ З маленства .. [Віктар і Мірон] былі суседзямі і таварышамі, таксама як іхнія бацькі. Маўр. Над свежай магілай .. Таварыша, друга і брата Журботна галовы мы схілім. Колас. Юлька пакінула таварыша з братам, а сама пабегла па кухню. Даніленка.

2. Грамадзянін, чалавек у савецкім грамадстве. [Пацяроб:] — На запытанні адкажа ў заключным слове таварыш дакладчык. Зарэцкі. // У тым жа значэнні пры прозвішчы, назве пасады, прафесіі і пад. [Канягін:] І прыняць .. [людзей] я зараз не магу: таварыш Бывалаў выклікае... Крапіва. — На мітынг! — Начальства застыла ў здзіўленні, А вестка, як ток, Ад салдата к салдату: — Да нас прыязджае таварыш Ленін!.. Арочка. / У складзе зваротка або як зваротак. Таварыш мой любы! Не той малады, Хто злічыць па пальцах Свае ўсе гады. Гілевіч. [Мясцкомавец:] — Таварышы, пачынаем мітынг. Чорны.

3. Чалавек аднаго ўзросту з кім‑н.; равеснік. Сярод іншых арыштаваных і катаваных у польскай турме ёсць і яго [Янкі] таварышы дзіцячых гульняў — Сцёпка Карчук з вёскі Чаромхі. Бядуля.

4. каго. Уст. У назвах службовых асоб — памочнік, намеснік. Таварыш міністра. Таварыш пракурора.

•••

Таварыш па няшчасцю — той, хто разам з кім‑н. папаў у якую‑н. бяду, у якое‑н. непрыемнае становішча.

таварышава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. таварышаваць.

таварышава́ць, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; незак.

Разм. Быць таварышамі з кім‑н. [Лабановіч:] — «Пэўна, і тут [у турме] ёсць людзі, што ведаюць глыбіні і далечы рэвалюцыі. Знойдзецца з кім таварышаваць і павучыцца». Колас. Цімка таварышаваў з усімі, аддаючы перавагу хіба што Васіну ды Жаркевічу. Карпаў.

тава́рышка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Жан. да таварыш.

таве́рна, ‑ы, ж.

Невялікі шынок; карчма (у Італіі, Швейцарыі і некаторых іншых краінах). Унізе, ля паўднёвага схілу Бірсы, былі шумныя вуліцы і плошчы з крамамі і складамі тавараў, арсеналамі, лазнямі, тавернамі. В. Вольскі.

[Іт. taverna.]

таво́т, ‑у, М ‑воце, м.

Густая змазка для машын і механізмаў. Назаўтра, едучы дадому, Мікалай Барысавіч думаў аб тым, што калі дзверы ў суседзяў па-ранейшаму будуць візгатаць, прыйдзецца зайсці да Івана Пятровіча і папрасіць, каб памазаў завесы салам ці тавотам. Пянкрат.

таво́тнік, ‑а, м. і таво́тніца, ‑ы, ж.

Пасудзіна для тавоту. Хлапчук стаяў на гусеніцы і заядла арудаваў тавотніцай. Хадановіч.

таво́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тавоту.