тава́рыш, ‑а, м.
1. Чалавек, блізкі каму‑н. па агульнасці поглядаў, дзейнасці, умовах жыцця і пад. Школьны таварыш. Таварыш па працы. Таварыш па барацьбе. □ З маленства .. [Віктар і Мірон] былі суседзямі і таварышамі, таксама як іхнія бацькі. Маўр. Над свежай магілай .. Таварыша, друга і брата Журботна галовы мы схілім. Колас. Юлька пакінула таварыша з братам, а сама пабегла па кухню. Даніленка.
2. Грамадзянін, чалавек у савецкім грамадстве. [Пацяроб:] — На запытанні адкажа ў заключным слове таварыш дакладчык. Зарэцкі. // У тым жа значэнні пры прозвішчы, назве пасады, прафесіі і пад. [Канягін:] І прыняць .. [людзей] я зараз не магу: таварыш Бывалаў выклікае... Крапіва. — На мітынг! — Начальства застыла ў здзіўленні, А вестка, як ток, Ад салдата к салдату: — Да нас прыязджае таварыш Ленін!.. Арочка. / У складзе зваротка або як зваротак. Таварыш мой любы! Не той малады, Хто злічыць па пальцах Свае ўсе гады. Гілевіч. [Мясцкомавец:] — Таварышы, пачынаем мітынг. Чорны.
3. Чалавек аднаго ўзросту з кім‑н.; равеснік. Сярод іншых арыштаваных і катаваных у польскай турме ёсць і яго [Янкі] таварышы дзіцячых гульняў — Сцёпка Карчук з вёскі Чаромхі. Бядуля.
4. каго. Уст. У назвах службовых асоб — памочнік, намеснік. Таварыш міністра. Таварыш пракурора.
•••
Таварыш па няшчасцю — той, хто разам з кім‑н. папаў у якую‑н. бяду, у якое‑н. непрыемнае становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)