Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пульверызава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Ператварыцца (ператварацца) у вадзяны пыл або парашок; распыліцца (распыляцца).

2. толькі незак. Зал. да пульверызаваць.

пульверызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Зрабіць (рабіць) пульверызацыю.

пульверыза́тар, ‑а, м.

Прыбор для распырсквання вадкасці струменем паветра. Фарбаваць пульверызатарам. □ Раптам Тоня нечакана павярнула той пульверызатар на прараба, і пругкі струмень разведзенага мелу ўдарыў у папку. Даніленка.

[Фр. pulvérisateur.]

пульверызацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пульверызацыі. Пульверызацыйная прылада. Пульверызацыйная афарбоўка.

пульверыза́цыя, ‑і, ж.

Распыленне вадкасці пры дапамозе пульверызатара.

пу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Партыя гульні ў карты (прэферанс, вінт і пад.), а таксама асобая графа для запісу вынікаў гульні. Запісаць у пульку. □ [Глеб:] — Яны такія, гэтыя прэферансісты, як пачнуць пульку, дык і праз суткі могуць не скончыць. Васілёнак.

[Ад фр. poule — стаўка.]

пу́льман, ‑а, м.

Тып вялікага пасажырскага або таварнага вагона. Нінка спынілася і глядзела, як унізе ішоў доўгі таварны састаў. Маленькія вагоны з чырвонымі дахамі, доўгія пульманы з белымі люкамі, пляцоўкі з трактарамі, з лесам. Шамякін.

[Ад уласн. імя.]

пу́льманаўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пульмана, які з’яўляецца пульманам. Пульманаўскі вагон.

пульну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да пуляць.

пу́льпа, ‑ы, ж.

Спец.

1. Рыхлая злучальная тканка, якая запаўняе поласць зуба.

2. Сумесь якога‑н. сыпкага, раздробленага рэчыва з вадой або іншым растваральнікам.

[Ад лац. pulpa — мякаць.]