пры́станскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыстані (у 1 знач.). Прыстанскія склады. Прыстанская гаспадарка.
прыстанцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які размяшчаецца каля чыгуначнай станцыі. Гаманкі натоўп пасажыраў вынес мяне на прыстанцыйную плошчу. Савіцкі. У прыстанцыйны сквер як бы перамясцілася чакальная зала. Людзі сядзяць на клунках, чамаданах. Навуменка.
пры́стань, ‑і, ж.
1. Плывучае або стацыянарнае збудаванне для прычальвання і стаянкі, выгрузкі і пагрузкі суднаў, высадкі і пасадкі пасажыраў. Аўтобусам даехалі да прыстані і па гнуткіх усходцах пайшлі на прыгожы белы параход. Даніленка. Параход падышоў к прыстані .. і пачаў разгружацца. Гартны.
2. перан. Становішча, якое дае чалавеку адчуванне задаволенасці, спакою, уціхаміранасці. — Хлопец ты ўжо ў гадах. Як той дуб вырас. Пара і сваю прыстань знаходзіць. Ажаніцца табе трэба, вось што. Няхай. Мы не ведалі самоты, Вырасталі ў барацьбе. Не шукалі камсамольцы Ціхай прыстані сабе! А. Александровіч.
пры́старанак, ‑нка, м.
Абл. Застаронак. У вачах стаяла чырванабокая малатарня, якая глытала сноп за снапом, апустошвала гумно да самага дна і ўжо дабіралася да апошняга рада ў прыстаранку. Арочка.
прыстара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., чаго.
Раздабыць, прыгатаваць што‑н., звычайна з цяжкасцямі, намаганнямі. Суцяшалі гэтыя рабочыя, дапамогу аказвалі, то грашамі, то дроў прыстараюцца. Лынькоў. — Я хутка прыстараюся чаю, ці гарбаты. Як лепей называць па-беларуску: чай ці гарбата? Колас. Да сустрэчы Раіса рыхтавалася, як ніколі. Ёлку ўпрыгожыла, гарэлкі накупляла, добрай закускі прыстаралася. Гроднеў. Вяселле адгрымела ўраз, І жыць у цешчы Зяць застаўся, Бо ўласнага жылля Яшчэ не прыстараўся. Корбан.
прыстасава́льнасць, ‑і, ж.
Здольнасць прыстасоўвацца да якога‑н. асяроддзя, знешніх умоў. Прыстасавальнасць арганізма.
прыстасава́льнік, ‑а, м.
Тое, што і прыстасаванец.
прыстасава́льніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыстасавальніка, прыстасавальніцтва. Прыстасавальніцкая палітыка.
прыстасава́льніцтва, ‑а, н.
Тое, што і прыстасаванства; паводзіны, учынкі прыстасавальніка.
прыстасава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыстасавання, з’яўляецца прыстасаваннем, служыць для прыстасавання. Прыстасавальныя ўласцівасці. Прыстасавальны працэс. Прыстасавальныя змены. Прыстасавальная афарбоўка.