Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фестыва́ль, ‑ю, м.

Грамадская ўрачыстасць з паказам і праглядам якога‑н. віду мастацтва. Фестываль мастацкіх фільмаў. □ У нядзелю раніцай да Шаманскага зайшоў Наварка, каб дагаварыцца, як аформіць калгасны хор, які меўся выступаць на раённым фестывалі калгаснай самадзейнасці. Дуброўскі. / у іран. ужыв. — Бабкі, бабкі!.. Цішэй там, фес[ты]валь устроілі. Пташнікаў.

[Фр. festival — урачыстасць.]

фестыва́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фестывалю. Фестывальны значок.

фет, ‑а, М феце, м.

У старажытнай Грэцыі — батрак, прадстаўнік маламаёмнай і немаёмнай часткі свабоднага насельніцтва.

[Грэч. thētes.]

фетр, ‑у, м.

Лепшы гатунак лямцу, які ідзе на выраб капелюшоў, валёнак і пад.

[Фр. feutre.]

фе́травы, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з фетру. У зубах сенатара — нязменная цыгара, на галаве — чорны фетравы капялюш, у руках — сукаватая масіўная палка. Гамолка.

2. Звязаны з вырабам фетру або рэчаў з яго. Фетравая майстэрня.

феты́ш, ‑а, м.

1. Па ўяўленню першабытных народаў — прадмет, нібыта надзелены звышнатуральнай магічнай сілай, дзякуючы чаму служыў аб’ектам рэлігійнага культу.

2. перан. Тое, што карыстаецца бясспрэчным прызнаннем, чаму слепа вераць і пакланяюцца. Эпоха сацыялізма разбурыла фетыш, створаны вакол золата эксплуататарскімі класамі. Кучар.

[Фр. fétiche.]

фетышызава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад фетышызаваць.

фетышызава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да фетышызаваць.

фетышызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Ператварыць (ператвараць) што‑н. у фетыш (у 2 знач.), адносіцца да чаго‑н. як да фетыша. [Надзя:] — Мне здаецца, Косця, што ты крыху фетышызуеш сваю тэхніку. Лынькоў. Вызначаючы ў сваіх ранніх вершах спецыфічнасць мастацкага пазнання свету, Багдановіч ніколі, аднак, не фетышызаваў яго. Лойка.

фетышыза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фетышызаваць.