прыблі́знасць, ‑і, ж.
Уласцівасць прыблізнага. Прыблізнасць вылічэнняў.
прыблі́зны, ‑ая, ‑ае.
Не зусім дакладны, але больш-менш блізкі да сапраўднага. Прыблізны падлік. Прыблізныя звесткі. □ Камандуючы быў незадаволены: ён выявіў, што разведчыкі.. карысталіся прыблізнымі данымі, мала рыхтаваліся да аперацый. Мележ.
прыблу́да, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм.
1. Чужы, не тутэйшы чалавек. — Гэта ваша апошняе слова? — затрос галавою Шлосберг. — Не, — ледзь падняўся Качарга. — Чаго ты сюды прывалокся? Прыблуда! Гурскі.
2. Аб прыблуднай жывёліне. [Воўк] звер скупы і злосны — да логава другога не пусціць і блізка, на прыблуду кідаецца з зубамі — крыві не мінуць. Пташнікаў.
прыблудзі́цца, ‑блуджуся, ‑блудзішся, ‑блудзіцца; зак.
Разм. Прыстаць да чужога статка, двара, хаты і пад. Чалавек першы загаварыў да пастушкоў. — Ці не чулі вы, хлопцы, можа тут конь які прыблудзіўся? Крапіва. [Алень] прыблудзіўся на батарэю яшчэ зімой і, як расказваюць, быў пестуном гарматных разлікаў. Шамякін. // Далучыцца да якой‑н. групы; прыстаць да якога‑н. месца (пра чалавека).
прыблудзі́ць, ‑блуджу, ‑блудзіш, ‑блудзіць; зак.
Разм.
1. Блудзячы, апынуцца дзе‑н. — Тады такая завіруха была. Я ледзь прыблудзіў да Вуднева... Кудравец.
2. Тое, што і прыблудзіцца. У паліцыі ўжо дванаццаць чалавек, з іх толькі шасцёра мясцовых. Астатнія або прыблудзілі немаведама адкуль, або жывуць у мястэчку год ці два. Навуменка.
3. Трохі зблудзіць. [Салдат:] — І вось тут мы крыху прыблудзілі... Пестрак.
прыблу́днік, ‑а, м.
Абл. Той, хто далучыўся да каго‑н., прыстаў, прыблудзіўся да якога‑н. месца. Усё ўскладнялася яшчэ і тым, што ў гэтыя ж балотныя, пустэльныя мясціны трапілі некаторыя адшчапенцы з далёкіх брыгад і злучэнняў.. Амаль кожны з такіх прыблуднікаў жыў сам па сабе і дзейнічаў як хацеў. Кулакоўскі.
прыблу́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які прыстаў да чужога статка, двара, хаты і пад. Прыблудная асечка. Прыблудны сабака. // Які далучыўся да якой‑н. групы, прыстаў да якога‑н. месца (пра чалавека). [Цымбалюк:] Ты тут чужы, прыблудны! Маўзон.
прыблука́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Тое, што і прыблукаць. Ляснік Міця, які прыблукаўся .. [на поле] са сваёй заўсёднай стрэльбай, засмяяўся. Мележ.
прыблука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Блукаючы, апынуцца дзе‑н. Лукаш Леўчанка.. прыблукаў сюды з Украіны і асталяваўся ў Верхані ў якасці грамадскага пастуха. Колас. Па.. [сушы] і прыблукаў да дубоў дзік, па ёй, наеўшыся жалудоў, ён пасунуўся і назад у мох. Сачанка.
прыблы́таны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыблытаць.