Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

працаздо́льнасць, ‑і, ж.

1. Фізічная здольнасць да працы, дзейнасці.

2. Здольнасць многа і прадукцыйна працаваць. — Колькі ў гэтага чалавека энергіі, якая працаздольнасць! — разважаў Максім. Гурскі.

працаздо́льны, ‑ая, ‑ае.

Якому ўласціва працаздольнасць, надзелены працаздольнасцю (у 1 знач.). Працаздольная частка насельніцтва. / у знач. наз. працаздо́льны, ‑ага, м.; працаздо́льная, ‑ай, ж. На сходах аб’явілі аб мабілізацыі ўсіх працаздольных на «рамонт чыгункі». Шамякін.

працалава́цца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; зак.

Цалавацца некаторы час.

працалюбі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца вялікай любоўю да працы. Клімовіч холадна сустрэў хлопца, хоць добра ведаў, які працалюбівы і здольны яго бацька. «Беларусь». Маленькі кран, што ўчапіўся ў вялікую канструкцыю, нагадваў працалюбівую мурашку, якая цягне агромністую, большую за сябе, ношу. Шыцік.

працатэрапі́я, ‑і, ж.

Прымяненне ў медыцыне працэсаў працы з мэтай аднаўлення працаздольнасці чалавека або функцый пэўных яго органаў.

працаўладкава́нне, ‑я, н.

Дзяржаўнае забеспячэнне працай некаторых катэгорый асоб (дэмабілізаваных, інвалідаў і пад.). Камісія па працаўладкаванню. Працаўладкаванне інвалідаў.

працаўні́к, ‑а, м.

1. Той, хто працуе. Усіх сумленных, па-сапраўднаму актыўных і надзейных працаўнікоў цяжка і пералічыць. Кулакоўскі. Была ў доктара адзіная слабасць — добрасумленнаму працаўніку многае мог дараваць. Шамякін.

2. чаго ці які. Работнік якой‑н. галіны, сферы працы. Працаўнікі навукі. З кожным днём становіцца лепшым жыццё працаўнікоў калгаснай вёскі. □ Адзін з рэдакцыйных працаўнікоў папрасіў, каб кожны расказаў пра сябе. Чорны.

працаўні́ца, ‑ы, ж.

Жан. да працаўнік.

працвеража́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да працверазіцца.

2. Зал. да працверажаць.

працвеража́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да працверазіць.