Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хлябо́к, ‑бка, м.

Памянш.-ласк. да хлеб. Працавітая рукой Засявае шнурок... Ой, радзі, божа мой, На пацеху хлябок! Купала. Хлябок — танюткай столачкай, Нібыта залаты. Лойка.

хлябта́ць, хлябчу, хлебчаш, хлебча; незак., што.

1. Піць, зачэрпваючы вадкасць языком (пра некаторых жывёлін). Тады Слава падштурхнуў шчаня да сподачка. Нахіліў галоўку. Толькі пасля гэтага яно і пачало прагна хлябтаць, распырскваючы на падлозе драбнюткія кропелькі малака. Шыловіч.

2. Прагна піць. Ды Дзед Мароз ужо хлебча з конаўкі ваду, выцірае бараду і глядзіць, ладкуецца, дзе б гэта аблюбаваць месца на шырокім палку прылегчы. Кухараў. [Апенька] хлябтаў на поўны рот, пакуль не спаражніў пасудзіны. Навуменка.

3. Разм. груб. Піць (віно, спіртныя напіткі) у вялікай колькасці. — Мала мы з табою, ты [Халімон], нежанаты, ды я, пры жонцы халасты, той гарэлкі папілі ды ў дурня пагулялі?! — на вачах Кірдуна выступіла вільгаць. — Мне, думаеш, лёгка? Буду там чорт ведае з кім тую гарэлку хлябтаць. Караткевіч.

хляве́ц, хляўца, м.

Памянш.-ласк. да хлеў; маленькі хлеў. Гумно паўнела з кожным годам, І багацеў хлявец прыплодам. Колас.

хляво́к, хляўка, м.

Памянш. да хлеў; маленькі хлеў. Недзе над галавой звінелі камары. А ў хляўку, разбуджаны тупатнёй, рохкаў парсючок. Асіпенка.

хля́сцік, ‑а, м.

Вузкая палоска тканіны, прышытая або прышпіленая ззаду верхняга адзення, якая сцягвае яго па таліі. [Лейтэнант] убачыў нахіленую спіну чалавека, хлясцік з алавяным гузікам. Быкаў.

хляўчу́к, хлеўчука, м.

Тое, што і хлеўчык. [Маці] то з Толікам забаўлялася, то ўходжвалася па гаспадарцы, майстравала з Люсяй маленькі хляўчук для качак. Даніленка.

хм, выкл.

Тое, што і гм. — Хм, — усміхнуўся я, — рыжуха грыбы на зіму сабе нарыхтоўвае. Ігнаценка. [Ніна:] — Хм.. Самая прыгожая дзяўчына ў тэхнікуме. Спецыяльна падсунулі, каб я трошкі параўнавала. Лобан.

хма́ра, ‑ы, ж.

1. Вялікае, звычайна цёмнае воблака, якое прыносіць дождж, град, снег. Нізка звіслі над зямлёю Хмары снегавыя. Колас. — А вунь і хмара. — Усе пападымаліся на ногі, сталі глядзець у той бок, куды паказаў пальцам Пятро: сапраўды, з-за лесу ўставала чорная хмара. Капыловіч. Навісла хмара, грымнуў гром, і буйнымі кроплямі забарабаніў у вокны дождж. Чарнышэвіч. // чаго. Клуб лёгкіх часцінак (пылу, дыму і пад.). Кажуць, пасля вызвалення тут было голае месца, адны каміны стаялі ды вецер ганяў над пажарышчам хмары попелу. Шамякін. // каго-чаго. Пра вельмі вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Хмара камароў. Хмара варон. □ Іх [цягнікі] на кожным паўстанку, Бы ўраджайнае лета, Спатыкалі дзяўчаты І хмары касцоў. Танк. [Валодзя:] — На Мінск налягаюць хмары самалётаў, дамы ў агні, здаецца, нават брук гарыць. Васілеўская.

2. перан. Выкарыстоўваецца ў некаторых выразах для абазначэння змрочнага стану, заклапочанасці, смутку, тугі. Зноў адчыняліся дзверы, і паказваўся твар, заліты светам радасці ці, наадварот, зацягнуты цёмнай хмарай нездавальнення. Васілевіч. Цяжка жылося зараз Надзі.. На яе жыццё апала цяжкая чорная хмара. Машара.

•••

Хмара хмараю — а) незлічона многа, вялікая колькасць, многа-многа; б) пра панурага, сумнага чалавека.

Хмары навіслі (згусціліся, сабраліся) над кім-чым — каму‑н. або чаму‑н. пагражае небяспека, бяда, няшчасце і пад.

хма́равы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хмары (у 1 знач.).

хма́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Памянш.-ласк. да хмара (у 1 знач.); невялікая хмара. Хмаркі белыя марудна За лясы плывуць. Колас. Непрыкметна да сяла Без маланкі яркай, Без грымоты падплыла Хмарка. Арочка.