хмара, ‑ы, ж.

1. Вялікае, звычайна цёмнае воблака, якое прыносіць дождж, град, снег. Нізка звіслі над зямлёю Хмары снегавыя. Колас. — А вунь і хмара. — Усе пападымаліся на ногі, сталі глядзець у той бок, куды паказаў пальцам Пятро: сапраўды, з-за лесу ўставала чорная хмара. Капыловіч. Навісла хмара, грымнуў гром, і буйнымі кроплямі забарабаніў у вокны дождж. Чарнышэвіч. // чаго. Клуб лёгкіх часцінак (пылу, дыму і пад.). Кажуць, пасля вызвалення тут было голае месца, адны каміны стаялі ды вецер ганяў над пажарышчам хмары попелу. Шамякін. // каго-чаго. Пра вельмі вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Хмара камароў. Хмара варон. ▪ Іх [цягнікі] на кожным паўстанку, Бы ўраджайнае лета, Спатыкалі дзяўчаты І хмары касцоў. Танк. [Валодзя:] — На Мінск налягаюць хмары самалётаў, дамы ў агні, здаецца, нават брук гарыць. Васілеўская.

2. перан. Выкарыстоўваецца ў некаторых выразах для абазначэння змрочнага стану, заклапочанасці, смутку, тугі. Зноў адчыняліся дзверы, і паказваўся твар, заліты светам радасці ці, наадварот, зацягнуты цёмнай хмарай нездавальнення. Васілевіч. Цяжка жылося зараз Надзі.. На яе жыццё апала цяжкая чорная хмара. Машара.

•••

Хмара хмараю — а) незлічона многа, вялікая колькасць, многа-многа; б) пра панурага, сумнага чалавека.

Хмары навіслі (згусціліся, сабраліся) над кім-чым — каму‑н. або чаму‑н. пагражае небяспека, бяда, няшчасце і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)