Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прані́звацца, ‑аецца; незак.

Зал. да пранізваць.

прані́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пранізаць.

прані́злівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пранізлівага. Пранізлівасць ветру. Пранізлівасць позірку.

прані́злівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які рэзка гучыць, рэжа слых. Крык быў поўны такога адчаю і быў такі пранізлівы, што ўсе, хто сядзеў поплеч, мімаволі ўвабралі галовы ў плечы. Лынькоў. Раптам цішыню парушыў пранізлівы званок з пярэдняга пакоя. Рамановіч.

2. Вельмі моцны, рэзкі, які наскрозь пранізвае (пра холад, вецер, боль і пад.). Дзьмуў халодны, пранізлівы вецер. Асіпенка. Цемра пагусцела, і халадок з ракі стаў пранізлівы. Хадкевіч.

3. Востры, пільны (зрок, погляд і пад.). Саўку было нават трохі няёмка пад такім пранізлівым позіркам Цімохавых вачэй. Колас.

пра́нік, ‑а, м.

Плоскі драўляны брусок з ручкай для выбівання бялізны пры мыцці ці для абівання, абмалоту лёну і пад. Б’е пранікам Раіна палатно. Танк. Сотнямі гукаў разносіцца над ракою плясканне пранікаў. Колас. [Жанчына:] — Хоць возік жыта прывезці — абаб’ю як-небудзь, хоць пранікам. Чорны.

праніка́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пранікальнага. Пранікальнасць глебы. Пранікальнасць паветра.

праніка́льны, ‑ая, ‑ае.

Які прапускае праз сябе што‑н. (ваду, святло і пад.). Пранікальныя пароды. Пранікальны для электрычнага току.

праніка́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пранікаць — пранікнуць.

праніка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да пранікнуцца.

праніка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пранікнуць.