фе́рма 1, ‑ы, ж.
1. Гаспадарчае прадпрыемства ў калгасе (саўгасе), якое займаецца той ці іншай галіной жывёлагадоўлі. Малочная ферма. Жывёлагадоўчая ферма. □ Маці Міхасёва, Ганна Навумаўна, працавала на ферме даяркай. Якімовіч. Жывёла наша будзе зімаваць на самай лепшай у раёне ферме. Гілевіч.
2. У капіталістычных краінах — прыватнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, заснаванае на ўласнай або арандаванай зямлі. Хутка туман пачаў рассейвацца, і тады насустрач машынам выплывалі будынкі, фермы бюргераў. Шамякін.
[Фр. ferme.]
фе́рма 2, ‑ы, ж.
Спец. Збудаванне, канструкцыя са злучаных між сабой металічных ці драўляных брусоў. Былі мініраваны абедзве фермы маста і асноўны сярэдні бык. Краўчанка.
[Фр. ferme.]
фе́рмавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да фермы 2. Фермавыя мацаванні шахты.
ферма́та, ‑ы, ДМ ‑маце, ж.
У музыцы — знак, які абазначае павелічэнне працягласці гуку або паўзы ў залежнасці ад характару твора, намераў і густу выканаўцы. // Павелічэнне гуку або паўзы пры выкананні, у адпаведнасці з такім знакам.
[Іт. fermata.]
ферме́нт, ‑у, М ‑нце, м.
Рэчыва бялковай прыроды, якое сінтэзуецца ў клетках жывых арганізмаў і ў мільёны разоў паскарае хімічныя рэакцыі, уласцівыя жывому арганізму.
•••
Сычужны фермент — фермент страўнікавага соку маладых жвачных жывёл, які выклікае згортванне малака; сычужына.
[Ад лац. fermentum — дрожджы, закваска.]
ферментава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад ферментаваць.
2. у знач. прым. Які падвергся ўздзеянню ферментацыі. Ферментаваны тытунь.
ферментава́цца, ‑туецца; незак.
Зал. да ферментаваць (у 2 знач.).
ферментава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.
Спец.
1. Знаходзіцца ў стане ферментацыі.
2. што. Падвяргаць ферментацыі. Ферментаваць чайнае лісце.
ферментало́гія, ‑і, ж.
Раздзел біяхіміі, які вывучае ферменты.
[Ад лац. fermentum — дрожджы, закваска і грэч. logos — вучэнне.]
ферментаты́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ферменту; з’яўляецца ферментам. Ферментатыўнае рэчыва. // Які праходзіць, адбываецца пад уздзеяннем ферменту. Ферментатыўныя працэсы.
ферментацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Прызначаны для ферментацыі. Ферментацыйны завод.