Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бараба́н, ‑а, м.

1. Ударны музычны інструмент у выглядзе шырокага цыліндра або рамы, на якія з аднаго ці двух бакоў нацягнута скура. Бадзёрыя гукі труб і зычны стук барабана біліся ў шыбы вокан, вабячы Рыгора. Гартны. З вясны да восені кожнай раніцы чуюцца тут гукі горна, гулкія ўдары барабана, дзіцячыя галасы, смех, песні. Хомчанка.

2. Спец. У розных машынах і механізмах — рухомая дэталь, якая мае форму цыліндра. На версе стары Тодарчык ці сама Волька Янкава кідаюць снапы ў барабан — у чорную ляпу малатарні. Пташнікаў. Сцёпка паспеў расстраляць усе патроны і зноў зарадзіў барабан. Хомчанка.

3. Спец. Цыліндрычная або шматгранная частка будынка, якая падтрымлівае купал. На выступе густа раслі дрэвы, а між дрэў шарэла вузкая будыніна, падобная на царкву без барабанаў і купалаў. Караткевіч.

бараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

1. Біць у барабан (бубен), іграць на барабане (у 1 знач.). Вову крыкнула Рая: — Бубен на, барабань!.. Ды ўсё роўна іграе Штосьці сумна баян. Смагаровіч.

2. Разм. Часта і дробна стукаць па чым‑н. І вось, нібы сярэбраны гарох, Дождж барабаніць па вагонным даху. Бураўкін. Дзяжурны барабаніў у павешаную бляху. Чарот. Толькі паслухалі [падпольшчыкі] зводку, як нехта пачаў барабаніць у дзверы. Новікаў. // Бразгаць ад холаду, ветру. Ад ветру барабанілі шыбы. □ Ва ўсім целе .. [Панасюк] адчуваў холад. Сціснуў зубы, каб не барабанілі. Бядуля. // перан.; што і без дап. Гучна, без майстэрства, невыразна гаварыць, чытаць, іграць на якім‑н. інструменце. За кулісамі хтосьці барабаніў польку на раялі. □ Адзін з артыстаў, стоячы на калідоры, барабаніў вершы. Гартны. — Ты, Іван, сёння барабаніш і барабаніш, дай жа чалавеку сказаць, — перапыніла яго Мар’я Андрэеўна. Хадановіч.

бараба́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да барабана.

•••

Барабанная перапонка гл. перапонка.

бараба́ншчык, ‑а, м.

1. Салдат або піянер, які адбівае такт на барабане пры маршыроўцы; музыкант аркестра, які іграе на барабане.

2. Працаўнік, які падае снапы ў барабан малатарні. Маша.. падавала цяжкія снапы барабаншчыку: ёй хацелася ператрымаць іх усе ў сваіх руках. Шамякін.

•••

Адстаўной казы барабаншчык (іран.) — чалавек, які не заслугоўвае ніякай увагі, з якім ніхто не лічыцца.

бараба́ншчыца, ‑ы, ж.

Жан. да барабаншчык.

барабу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Марская промыславая рыба сямейства султанкавых.

бараві́к, ‑а, м.

Высокакаштоўны ядомы грыб з светла- ці цёмна-карычневай шапкай і белай тоўстай ножкай; белы грыб.

•••

Заечы баравік — атрутны грыб, падобны па форме на баравік, але зеленаватага колеру.

баравіко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які належыць баравіку. Баравіковы корань. // Багаты на баравікі. Баравіковыя мясціны.

бараві́на, ‑ы, ж.

Узвышаны ўчастак лесу ў бары. Я помню летнія часіны І вас, грыбныя баравіны! Колас. Косцік тупае ад палянкі да палянкі, ад баравіны да баравіны, збірае суніцы і ссыпае іх у свой гарлачык. Даніленка.

бараві́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да баравіна. Ад чыгункі да самай шашы Таня, як бывалы чалавек, ведала тут кожную палянку, кожную баравінку, кожнае балотца. Грамовіч.

2. Сорт летняй яблыні, на якой растуць буйныя, светла-жоўтыя з паласатым румянцам кісла-салодкія яблыкі.

3. Плод гэтага дрэва. Налітыя вераснем, ірдзеюць пепінкі шафранныя, папяроўкі, штрэйфлінгі, баравінкі. Кірэйчык.