бараба́н, ‑а, м.

1. Ударны музычны інструмент у выглядзе шырокага цыліндра або рамы, на якія з аднаго ці двух бакоў нацягнута скура. Бадзёрыя гукі труб і зычны стук барабана біліся ў шыбы вокан, вабячы Рыгора. Гартны. З вясны да восені кожнай раніцы чуюцца тут гукі горна, гулкія ўдары барабана, дзіцячыя галасы, смех, песні. Хомчанка.

2. Спец. У розных машынах і механізмах — рухомая дэталь, якая мае форму цыліндра. На версе стары Тодарчык ці сама Волька Янкава кідаюць снапы ў барабан — у чорную ляпу малатарні. Пташнікаў. Сцёпка паспеў расстраляць усе патроны і зноў зарадзіў барабан. Хомчанка.

3. Спец. Цыліндрычная або шматгранная частка будынка, якая падтрымлівае купал. На выступе густа раслі дрэвы, а між дрэў шарэла вузкая будыніна, падобная на царкву без барабанаў і купалаў. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)