Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

прае́зджаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад праездзіць.

прае́зджы, ‑ая, ‑ае.

1. Які праязджае міма, падарожнічае. Кара на .. [старадрэвіне] ўнізе была здзёрта восямі праезджых вазоў. Чорны. / у знач. наз. прае́зджы, ‑ага, м.; прае́зджая, ‑ай, ж. Палонныя выйшлі на дарогу, аклікнулі праезджага. М. Ткачоў.

2. Прыгодны, прызначаны для язды. Палявая дарога сапраўды аказалася сухой і праезджаю. Сабаленка.

прае́здзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. Ездзіць які‑н. час. Цэлага паўгода .. [Андрэй] прымушан быў ездзіць з таварнымі цягнікамі. Але толькі паўгода. Потым — зноў пасажырскі і, урэшце, кур’ерскі, на якім праездзіў Андрэй палавіну свайго жыцця. Лынькоў.

2. што. Разм. Патраціць на паездку. Праездзіць сто рублёў. // Страціць, прапусціць што‑н. ездзячы. — З’ездзіў я так, што напэўна праездзіў і сваю Верханскую школу і сваю настаўніцкую службу, — сказаў Лабановіч. Колас.

3. што. Едучы па адным і тым жа месцы, пракласці, пратаптаць дарогу; уездзіць.

прае́зны, ‑ая, ‑ае.

Прыгодны, прызначаны для праезду; праезджы. Парогам гэтым быў моцны праезны масток, настолькі нізкі, што пад яго не праедзеш, і настолькі высокі, што лодку на яго не ўсцягнеш. Брыль.

прае́кт, ‑а, М ‑кце, м.

1. Распрацаваны план стварэння, пабудовы чаго‑н. На трэцім курсе універсітэта я зрабіў праект электрастанцыі на рэчцы ў Сіняй даліне. Хомчанка. Юрка ведаў, што праект дэталёвай забудовы вуліцы рабіў.. [бацька]. Карпаў.

2. Папярэдні тэкст якога‑н. дакумента. Праект дагавора. Праект канстытуцыі.

3. План, задума. Каля гнілога балота пастануць часамі дзядзькі, глядзяць, мяркуюць, праекты строяць. Колас.

[Ад лац. projectus — кінуты наперад.]

праектава́нне ​1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. праектаваць ​1.

праектава́нне ​2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. праектаваць ​2.

праектава́цца ​1, ‑туецца; незак.

Зал. да праектаваць ​1.

праектава́цца ​2, ‑туецца; незак.

Зал. да праектаваць ​2.

праектава́ць ​1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Распрацоўваць праект (у 1 знач.). [Пётр] у гэты час працаваў над дыпломным праектам — праектаваў дарогу з усімі неабходнымі пабудовамі. Шамякін.

2. і з інф. Мець намер, збірацца зрабіць што‑н. [Касперскі:] Чуў я, што праектуеце новы млын рабіць і электрастанцыю пры ім, дык добра было б, каб хоць даць святло ў цагельню. Гурскі.

праектава́ць ​2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. У матэматыцы — адлюстроўваць на плоскасці прасторавыя фігуры, чарціць праекцыю (у 1 знач.).

2. Спец. Перадаваць на экран праекцыю (у 2 знач.), павялічанае адлюстраванне чарцяжоў, фотаздымкаў, кінакадраў.

праекта́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Той, хто выконвае праект (у 1 знач.); праекціроўшчык.

праекта́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да праектант.