Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

правіні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Зрабіць, учыніць якую‑н. правіннасць. Якраз у той дзень, як нам трэба было выпускаць чарговы нумар газеты, Люся правінілася. Навуменка.

праві́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Тое, што і правіннасць. За кожную правінку.. [маці] няшчадна карала. Ракітны.

праві́ннасць, ‑і, ж.

Дрэнны ўчынак; віна. — Спроба залезці ў клуб — не адзіная правіннасць Сцяпана Грыбоўскага. Курто. Была.. [маці] крыклівая і не даравала мне нават маленькай правіннасці. Сачанка.

праві́нцыя, ‑і, ж.

1. Гіст. Заваяваная старажытнымі рымлянамі тэрыторыя.

2. Гіст. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Расіі 18 ст. і ў некаторых краінах зараз.

3. Уст. Мясцовасць, аддаленая ад сталіцы; перыферыя.

[Лац. provincia.]

правінцыя́л, ‑а, м.

Уст. Жыхар правінцыі (у 3 знач.). Прыехаў я ў Мінск як самы сапраўдны правінцыял: нясмелы, непаваротлівы. Скрыган. // Разм. зневаж. Чалавек з адсталымі, абмежаванымі поглядамі. — Дык ты, чалавеча, хоць і ў сталіцы жывеш, а мо большы правінцыял, чым тутэйшыя людзі. Сабаленка.

правінцыялі́зм, ‑у, м.

1. Уст. Погляды і манеры, звязаныя з жыццём у глухой мясцовасці, правінцыі.

2. Слова або выраз, уласцівыя абласной, а не літаратурнай мове; дыялектызм.

правінцыя́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Уст., разм. Жан. да правінцыял.

правінцыя́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць правінцыяльнага (у 2 знач.).

правінцыя́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Які знаходзіцца ў правінцыі (у 3 знач.). Пасля Памыйка адкрыўся Рыгору, што ён з’яўляецца карэспандэнтам некалькіх сталічных і правінцыяльных газет. Гартны.

2. Разм. зневаж. Абмежаваны ў сваіх поглядах.

правіса́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. правісаць — правіснуць.