Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вадаво́зня, ‑і, ж.

Разм. Калёсы з бочкай, прызначаныя для дастаўкі вады. Вадавозня лёгка загрукатала па шырокім калгасным двары. Гамолка.

вадагрэ́йка, ‑і, ДМ ‑грэйцы; Р мн. ‑грэек; ж.

Пасудзіна для награвання вялікай колькасці вады; кіпяцільнік.

вадагрэ́йны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для награвання вады. Вадагрэйны кацёл. Вадагрэйная ўстаноўка.

вадагрэ́йня, ‑і, ж.

Разм.

1. Памяшканне, дзе грэецца або кіпяціцца вада.

2. Тое, што і вадагрэйка.

вадаём, ‑а, м.

Натуральная або штучная ўпадзіна, напоўненая вадой; басейн. Рачны вугор жыве ў вадаёмах, якія звязаны з Атлантычным акіянам. В. Вольскі.

вадазбо́р, ‑у, м.

1. Збіранне, накапленне вады.

2. Плошча, з якой рака збірае ваду; басейн. Вадазбор ракі Прыпяці.

вадазбо́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вадазбору.

вадазлі́ў, ‑ліва, м.

Спец. Адтуліна ў верхняй частцы плаціны для сцёку лішняй вады. Акрамя плаціны неабходна зрабіць вадазліў, паглыбіць дно, каб пры запаўненні сажалкі вадой глыбіня была не менш двух метраў. Рунец.

вадазлі́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вадазліва. Вадазліўная плаціна.

вадака́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Спецыяльнае збудаванне для помпаў, якія перапампоўваюць ваду з вадаёмаў да месца яе выкарыстання. Вежа вадакачкі. □ Борзда адыходзіла назад станцыя з высокаю вадакачкаю, закрываючыся свежаю зеленню раслін. Колас.