паўціра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Уцерці ўсё, многае або ўсіх, многіх.
паўціска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Уціснуць усё, многае. Матацыклы паўціскалі на дарожцы ў зямлю свежую жаўтаватую сасновую ігліцу, што ад расы і ветру апала за ноч на дол. Пташнікаў. Панакладалі вазы — ладныя, шырокія — і пакуль паўціскалі ды абхарошвалі, і ноч падышла. Скрыган.
паўцы́ркульны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае форму паўакружнасці, з закругленнем. Паўцыркульная арка.
паўця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Уцягнуць усё, многае або ўсіх, многіх.
паўця́жкі, ‑ая, ‑ае.
Які займае прамежкавае становішча паміж сярэднім і цяжкім (пра вагавую катэгорыю ў спорце).
паўцяка́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
Уцячы — пра ўсіх, многіх. [Дзедавы] ўнукі, як толькі бацьку павезлі ў бальніцу, паўцякалі да маткі. Колас. У той дзень, калі ўступілі немцы, у бальніцы заставаўся ён, Сцяпан Андрэевіч, ды я. Усе разбегліся. Нават хворыя паўцякалі, хто мог хадзіць. Шамякін.
паўчварта́, нескл., ліч. кольк.
Разм. уст. Тры з палавінай. Паўчварта пуда.
паўша́р’е, ‑я, н.
1. Палавіна геаметрычнага шара.
2. Тое, што мае форму палавіны шара. А з вачэй — двух вялізных паўшар’яў — Слёзы буйнымі падалі слівамі. Лойка.
3. Адна з палавін, на якія ўмоўна падзяляецца зямны шар і нябесная сфера. Паўночнае паўшар’е. Паўднёвае паўшар’е.
•••
Паўшар’і галаўнога мозга — дзве часткі вялікага мозга ў чалавека і некаторых жывёл.