Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пасплаўля́ць ​1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

Сплавіць усё, многае (гл. сплавіць ​1).

пасплаўля́ць ​2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Сплавіць усё, многае або ўсіх, многіх (гл. сплавіць ​2).

пасплыва́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Сплысці — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Пасплывалі дым-туманы З рэчкі на палянку. Русак.

пасплю́шчваць ​1, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак., што.

Сплюшчыць (вочы) — пра ўсіх, многіх (гл. сплюшчыць ​1).

пасплю́шчваць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Сплюшчыць усё, многае (гл. сплюшчыць ​2). Пакуль мы хадзілі, шафёр трошкі пасплюшчваў трубкі, каб не так хутка выцякала вада. Сабаленка.

пасплята́цца, ‑аецца; зак.

Сплесціся — пра ўсё, многае. Кучаравыя дрэвы паспляталіся ў вершалінах, быў чутны тужлівы гоман. Гурскі.

пасплята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Сплесці ўсё, многае. У пояс верасы тут параелі, А сосны цесна паспляталі рукі. Свірка.

паспо́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Стаіць усіх, многіх.

паспо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Спароць усё, многае. І цяпер тыя дзед і баба, тая нізкая, чорная хата здаюцца Раі сном, хоць яна і ведае, што гэта быў не сон, што тыя дзед і баба яе ратавалі. Паспорвалі жоўтыя латы з яе адзежы, сюды, у бальніцу, прывезлі. Арабей. — [Задрапей] падкраўся, як злодзей, да млына, узлез на плот і паспорваў [ластаўчыны гнёзды]. Бажко.

паспо́ўзваць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Тое, што і паспаўзаць.

паспрабава́ць, ‑бу́ю, ‑бу́еш, ‑бу́е; зак.

1. што, чаго і з інф. Тое, што і папрабаваць. Паспрабуйце на язык [соль], калі не верыце — прапанаваў шафёр. — Я не хлушу! Кулакоўскі. Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася. Прыходзілася паспрабаваць і жабрацкага і батрацкага хлеба. Колас. [Толік] сеў у кабіну, каб паспрабаваць машыну самому, і завёў матор. Ракітны. Вечарам, прылёгшы на канапцы, Міця паспрабаваў чытаць. Навуменка. [Лях:] — Сёння і шчупак павінен браць. Можна будзе на жыўца паспрабаваць. Лобан.

2. заг. паспрабу́й(це). Разм. Ужываецца як пагроза або перасцярога. — Толькі паспрабуй даць згоду, тады і дадому не прыходзь! — папярэдзіла яна мужа. Паслядовіч. — Толькі рот паспрабуй раскрыць, не ўбачыш болей ты свету. Лынькоў.

•••

Паспрабаваць шчасця — пачаць якую‑н. справу з надзеяй на поспех.

паспрага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Спрэгчы ўсіх, многіх (гл. спрэгчы ​1).