пасва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Зак. да сватаць.
пасве́дчанне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасведчыць.
2. Афіцыйны дакумент, які сведчыць аб чым‑н., сцвярджае што‑н., змяшчае кароткія звесткі пра каго‑н. Чалавек падышоў да касы, паказаў пасведчанне і без чаргі купіў білет. Гурскі. Малады хлопец з кучаравай светлай чупрынай, спушчанай на лоб, у цёмна-сінім, вайсковага пакрою, гарнітуры, схіліўшыся над сталом у прыемнай першага сакратара, доўга разглядаў карэспандэнцкае пасведчанне Зараніка. Хадкевіч.
пасве́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. што, аб чым і з дадан. сказам. Сцвердзіць, пацвердзіць, засведчыць што‑н. Малання .. таксама пасведчыла, што свята сёння. Колас. Ёсць старыя прычыны для новай размовы, Зоры гэта пасведчаць нам лепей, чым словы. Куляшоў. Не сохі і не ветракі пасведчылі аб сіле — мы спадарожніка з рукі, як голуба, пусцілі. Вялюгін.
2. Выступіць у ролі сведкі. — Дык мяне ж вёска ведае, чый я і калі радзіўся... [Настуля] можа пасведчыць, — гаварыў хлапец, не разумеючы і сам, што казаць далей... Чарот.
пасвідрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
1. Прасвідраваць усё, многае. Патачыў, на .. дзірачкі пасвідраваў шашаль старую каламажку. Баранавых.
2. і без дап. Свідраваць некаторы час.
пасвіста́ць, ‑свішчу, ‑свішчаш, ‑свішча; зак.
Свістаць некаторы час; свіснуць некалькі разоў. — Пан цівун, пабойся бога! — заступіўся за Язэпку дзед Міхаль. — Што ж ён зрабіў такога? Хіба ж няможна на дудачцы пасвістаць? Якімовіч. Каля суседскага парога залілася сабачаня, тоненька-тоненька. Алёшка пасвістаў яму і пайшоў. Лобан.
пасві́стванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пасвістваць.
пасві́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Час ад часу, паціху свістаць. Звычайна Папас прыходзіў першы і пасвістваў, чакаючы бацькі. Колас. На чорным спічастым дамку, што вісеў на старым клёне, пасвістваў шпак. Савіцкі.
па́свіцца, пасецца і пасвіцца; незак.
Быць, карміцца на пашы (пра жывёлу, птушку). На скошаным лузе, недалёка ад дубоў, пасвіліся статкі. Там і сям сядзелі пастушкі. Колас. Па ўсім палетку пасвіліся коні. Але яны ўжо здаволіліся добрай пашай і ляніва грызлі канюшыну. Чарнышэвіч. Астатнія [гусі], закрычаўшы, .. кінуліся ў сад, дзе пасвіўся ўвесь статак. Шамякін.
па́свіць, пасу, пасеш, пасе; пасём, пасяце, пасуць і пасу, пасвіш, пасвіць; пасвім, пасвіце; пр. пасвіў, ‑віла; заг. пасі; незак., каго-што.
Наглядаць за жывёлай, птушкай у час знаходжання яе на пашы. Коней папраўдзе не трэба было пасвіць, толькі пільнаваць ад ваўкоў, якіх у Маргах вадзілася шмат. Чарнышэвіч. — Эге! — круціў стары Юрка сівой галавой, — а я, нябогі, яшчэ сам, як быў маладым хлопцам, пасвіў быдла пад Дубамі. Колас. // Выпускаць (жывёлу, птушку) на пашу, на падножны корм. Рыгор вядзе каня ў Паўлюкову віку, а Паўлюк у гэты ж час пасвіць кабылу ў Рыгоравай канюшыне. Казека. У зарасніку пачалі [суседзі] пасвіць сваіх коней ды цялят, куды ганялі іх з вёскі. Галавач.
•••
Дзе і Макар коз не пасе гл. дзе.
Спаць і курэй пасвіць гл. спаць.
пасвяжэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Які пасвяжэў, стаў свежым. [Паводка] шумела не так сабе: яна змывала з лугоў і далін увесь леташні бруд, каб на іх, чыстых і пасвяжэлых, зацвіла лотаць, прабілася новая, да болю ў вачах зялёная трава... Кірэенка. Назаўтра Рыгор, хоць спаў і мала, адчуў сябе пасвяжэлым. Арабей.