Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

парэ́піна, ‑ы, ж.

Разм. Месца, дзе што‑н. парэпалася; шурпатасць. Рыгор бачыў, як, чапляючыся за парэпіны кары, спрабаваў лезці Ясь. Сабаленка.

парэфо́рменны, ‑ая, ‑ае.

Які адносіцца да перыяду пасля рэформы. Рэвалюцыйны пафас беларускай дэмакратычнай паэзіі 1905–1907 гадоў з’яўляўся яркім выражэннем незадаволенасці, якая накаплялася ў народных нізах на працягу парэформеннага саракагоддзя. Лойка.

парэ́чкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да парэчак. Парэчкавы куст. // Прыгатаваны з парэчак. Парэчкавае варэнне.

парэ́чкі, ‑чак; адз. парэчка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Кустовая ягадная расліна сямейства агрэставых. У гародчыку буялі парэчкі і дзікая ружа з агрэстам. Пташнікаў. Грышка пераскочыў цераз плот у сад, пасля папоўз між кустоў парэчак і агрэсту аж у канец саду, дзе ўжо пачынаўся лес. Чарот. Ідуць радамі ў шапках шэрых Кусты парэчак і ажын. Глебка.

2. зб. Кіславата-салодкія ягады гэтай расліны чырвонага, жоўтага або чорнага колеру. Віно з парэчак. □ І я, задаволены гэткай сустрэчай, Успомніўшы Прыпяць і вёску сваю, Купіў на дарогу празрыстых парэчак ў жанчыны, падобнай на маці маю. Жычка.

парэ́чнік, ‑у, м.

Зараснік парэчак. // Галінкі, сцябліны парэчак.

пас ​1, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для прывядзення ў рух якой‑н. машыны, механізма. Малатарня ўжо стаяла напагатове, злучаная пасам з Ладуцькавым трактарам «Беларусь». Хадкевіч. Глуха застукала турбіна, ляснуў пас, тонка заспяваў ненагружаны генератар. Шамякін.

2. Тое, што і пояс (у 1 знач.), пасак. Твар сур’ёзны ў селяніна, Важны, задуменны, Ходзіць, рукі залажыўшы За той пас раменны. Колас. // Паласа. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Мележ. Кудысьці ўдаль рассцілаецца жаўтаваты пас гладкай, нібы ток, дарогі. Бядуля.

пас ​2, ‑а, м.

Перадача мяча, шайбы і пад. каму‑н. з ігракоў сваёй каманды ў спартыўнай гульні. Дакладны пас.

[Ад англ. pass — перадаваць.]

пас ​3, выкл.

1. Пры гульні ў карты — вокліч аб адказе ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт.

2. перан.; у знач. вык. Разм. Няма сіл, магчымасцей; вымушаны адмовіцца што‑н. рабіць (зрабіць). Аматар траскатні з трыбуны ўзнімае «шквал» Пра статыстычны «вал», Як аб прагрэсе, дасягненні веку... А што дае канкрэтнаму ён чалавеку, Як паляпшае дабрабыт ён мас — Аратар «пас». Валасевіч.

[Ад фр. (je) passe — прапускаю, не гуляю.]

пасабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да пасобіць.

пасава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.

1. Перадаваць мяч адзін другому, перакідвацца мячом.

2. Зал. да пасаваць ​2.

пасава́ць ​1, ‑суе; незак.

Падыходзіць, адпавядаць каму‑, чаму‑н. Голас .. [Любы] быў пявучы і таксама, як і твар, страшэнна не пасаваў да ўсяго яе выгляду. Чорны. Да яго постаці вельмі пасавала вайсковая форма, якую ён, як кіраўнік мясцовай групы «Стшэльца», надзяваў у кожнае свята. Чарнышэвіч. Тонкія рысы твару неяк не пасавала да такога дужага асілка, якім быў Андрэй. Ваданосаў.

пасава́ць ​2, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што і без дап.

Перадаваць адзін другому мяч, шайбу і пад. у спартыўнай гульні. Дзеці забаўляліся каля гімнастычнага гарадка, пасавалі мяч. Беразняк. Гульня пайшла яшчэ весялей, з жартамі і смехам. Хлопец у белай шапачцы стаяў насупраць Васіліны, пасаваў увесь час на яе, і яна спачатку хвалявалася. Савіцкі.

[Ад англ. pass — перадаваць.]

пасава́ць ​3, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.

1. Пры гульні ў карты адмовіцца ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт.

2. перан.; перад кім-чым і без дап. Прызнаваць сябе бяссільным перад чым‑н.; здавацца. Я не хацеў пасаваць перад братам і, хаця абліваўся ўвесь потам, аж прыгнуўся — стараўся захапіць як мага шырэйшы пракос. Сачанка.

пасаве́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і пасалавелы.