памясці́цца, ‑мяшчуся, ‑месцішся, ‑месціцца; зак.
Тое, што і змясціцца. Госці ледзь памясціліся за трыма сталамі. Гроднеў. — Дык пераходзь да мяне, — шчыра прапанаваў дзед Лукаш. — Як-небудзь памесцімся. Якімовіч.
памясці́ць, ‑мяшчу, ‑месціш, ‑месціць; зак., каго-што.
Тое, што і змясціць (у 1–4 знач.). У тую ноч Людміла доўга не магла заснуць. На гарышчы, дзе яе памясцілі, усё яшчэ было душна. Асіпенка. Печ.. у хаце стаяла так, што за ёю можна было памясціць нешырокі ложак. Курто.
па́мятаваць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., пра каго-што і з дадан. сказам.
Тое, што і помніць. — Не ведаю, як аддзякаваць вам, — казаў.. [Андрэй] у апошні вечар перад расставаннем Лідзе, — вы так багата зрабілі для мяне. Выратавалі ад смерці і памаглі пачаць жыццё па-другому, знайсці ў жыцці сваё месца. Я ўсё жыццё буду памятаваць вас. Галавач.
па́мятацца, ‑аецца і памята́цца, ‑а́ецца; незак.
Тое, што і помніцца. Памятаецца, у незабыўны дзень урачыстага адкрыцця першай чаргі .. [электрастанцыі] Яўген Валько.. прымаў віншаванні сяброў. Дадзіёмаў.
па́мятаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і памята́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што, пра каго-што, аб кім-чым і з дадан. сказам.
Тое, што і помніць. [Волечка:] — Маці я свае не памятаю, яна даўно памерла. Чорны. Ніхто не памятае, з якіх часоў утварылася.. [балота] тут. Колас. — Трэба, каб гэтую казку заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.
па́мятка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Тое, што служыць напамінкам пра каго‑, што‑н. [Жанчына:] — Хаваю [дакументы]: мала што можа здарыцца. Не хачу, каб Людміла мяне ўпікнула, што не захавала памяткі аб бацьках. Васілевіч. Паміж пустак, балот Беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт ўцяклі, — Удзірванелы курган векавечны. Купала. // Разм. Успамін, памяць аб кім‑, чым‑н. Курортнікі фатаграфаваліся на памятку аб паўдні, звычайна, гуртам. Хомчанка. Незабудкі, рамонкі, мядункі Ты ірвала на памятку мне. Журба.
2. Кніга або лісток з кароткімі звесткамі пра што‑н., з кароткімі настаўленнямі на ўсякі выпадак. Усім камісіям былі раздадзены памяткі. У іх пералічваліся пытанні, на якія трэба звярнуць асаблівую ўвагу пры праверцы. «Звязда». // Запіс таго, аб чым трэба помніць.
па́мятлівасць, ‑і, ж.
Здольнасць добра помніць, запамінаць. Я не раз здзіўляўся яго [Янкі Брыля] учэпістай памятлівасці. У. Калеснік.
па́мятлівы, ‑ая, ‑ае.
Які мае добрую памяць, здольны лёгка запамінаць што‑н. — Ты, мусіць, не адсюль? — пытаў.. [Чыкілёнак] і сам адказваў: — Канешне, не адсюль. А то ж я адразу цябе пазнаў бы, хоць ужо дваццаць гадоў не быў тут. Я, брат, на народу памятлівы. Чыгрынаў. — А дзе... твая барада? — пытае [Шурка] .. [Версан:] — Ты, аказваецца, памятлівы. Няма барады. Асмаліў як непатрэбную. Мехаў.
па́мятны, ‑ая, ‑ае.
1. Які добра захаваўся ў памяці, незабыўны. З адной памятай ліпеньскай ночы.. лес для мяне стаў усім — і домам, і школай, і месцам шматлікіх дзіцячых забаў і гульняў. Сачанка. Край мой! Ты памятны мне Ранкам сваім прамяністым. Броўка.
2. Які служыць для заметак, для даведак. [Уладзік:] — А як ты яго знойдзеш? — Па памятных кніжках Мінскай губерні. Колас.
3. Які служыць для напаміну аб кім‑, чым‑н., які зроблены як памяць аб чым‑н. Памятны медаль. Памятны вымпел.
памя́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад памя́ць.
2. у знач. прым. Няроўны, нягладкі, са складкамі, маршчынамі. У лодцы сядзеў чалавек у сіняй палінялай майцы і шэрым памятым капелюшы. Шашкоў. Пазаўчора з суседняй вёскі .. [людзям] перадалі зачытаную, памятую партызанскую газету. Шамякін. // Які страціў сваю першапачатковую форму ад удару, штуршка; пашкоджаны ўмяцінамі. Пад адхонамі валяліся памятыя цыстэрны, шкілеты вагонаў. Карпаў. Там, на шырокіх дашчаных паліцах і ў вялізных плеценых карзінах, яшчэ можна было знайсці хлеб — праўда, пабіты і памяты. Якімовіч. // Прыбіты, прыгнуты, прытоптаны (аб раслінах). На тым месцы, дзе [людзі] селі на зямлю, асталася пасля іх толькі памятая трава. Чорны. // перан. Заспаны, са слядамі стомы; змораны, нясвежы (пра твар). Якаў застаў Вярбіцкага дома. Той нядаўна прачнуўся, і твар яго быў памяты і нясвежы. Чарнышэвіч.