палітыка́нства, ‑а, н.
Пагард. Паводзіны і спосаб дзеяння палітыкана. [Шыковіча] заўсёды абурала, калі дзе пачыналася палітыканства — гульня ў важнасць і строгасць. Шамякін.
палітыка́нстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.
Пагард. Займацца палітыканствам.
палітыка-...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «палітычны» (у 1 знач.), напрыклад: палітыка-выхаваўчы, палітыка-масавы, палітыка-эканамічны.
паліты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які звязаны з палітыкай (у 1 знач.); заснаваны на палітыцы. Палітычная барацьба. Палітычная актыўнасць мае. Палітычная партыя. □ Замест абразоў на сценах вісела некалькі плакатаў і партрэтаў выдатных палітычных дзеячоў. Колас. Камісар пакінуў упраўленне палітычнай прапаганды фронту, каб прасачыць за пераправай. Лынькоў. // Дзяржаўны, грамадзянска-прававы. Палітычная ўлада. □ Прыгонныя сяляне ў галіне ўсякіх палітычных правоў былі выключаны абсалютна. Ленін.
2. Які мае адносіны да палітыкі (у 3 знач.). Палітычны зняволены. Палітычная ссылка. / у знач. наз. паліты́чны, ‑ага, м.; паліты́чная, ‑ай, ж.
3. Уст. Дыпламатычны, прадбачлівы. Васіль .. уголас не выказаў свае думкі, бо .. быў чалавек палітычны і спрытны. Колас. // Умела разлічаны (аб учынках, паводзінах і пад.). Палітычнае абыходжанне.
•••
Палітычная смерць гл. смерць.
Палітычная эканомія гл. эканомія.
Палітычны крызіс гл. крызіс.
палітэкано́мія, ‑і, ж.
Палітычная эканомія. Матэматыка, граматыка, геаграфія, палітэканомія і іншыя прадметы былі для.. [Саламона] жывымі, канкрэтнымі з’явішчамі. Бядуля.
палітэмігра́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Палітычны эмігрант. У 1870 годзе Вазаў прыязджае ў горад Враіла, дзе ён трапляе ў асяроддзе палітэмігрантаў. «Беларусь».
палітэмігра́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да палітэмігрант.
палітэ́хнік, ‑а, м.
Разм. Студэнт політэхнічнага інстытута, палітэхнікума або чалавек, які скончыў політэхнічны інстытут, палітэхнікум.
палітэ́хнікум, ‑а, м.
Сярэдняя політэхнічная навучальная ўстанова.
палі́ў, ‑ліву, м.
Дзеянне паводле дзеясл. паліваць 2 — паліць 2 (у 1 знач.).