паліткатаржа́нін, ‑а, м.
У дарэвалюцыйнай Расіі — чалавек, сасланы на катаргу за рэвалюцыйную дзейнасць. Доўнар, былы падпольшчык і паліткатаржанін, урач па адукацыі, наогул любіў людзей. Дуброўскі.
палітмі́німум, ‑у, м.
Неабходны мінімум палітычных ведаў.
паліто́, нескл., н.
Верхняя вопратка, звычайна ніжэй каленяў, якая апранаецца на сукенку, касцюм і пад. Зімняе паліто. Дэмісезоннае паліто. Скураное паліто. □ Васіль Дзянісавіч надзеў халат, апрануў паліто, глыбей насунуў кепку і ўзяў у рукі партфель. Мележ. Валодзя быў апрануты ў добрае шэрае паліто. Новікаў.
[Фр. paletot.]
паліто́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да паліто. // Прызначаны для паліто. Палітовыя тканіны.
паліто́н, ‑а, м.
Разм. Тое, што і паліто. [Яўрэй] увесь сваім абліччам выхаплены з мінулага — і чорны доўгі палітон, бліскучы картуз, і сівы клін барады, і такія ж пэйсы. Мікуліч.
палі́тра, ‑ы, ж.
1. Дошчачка, пласцінка з выразам для вялікага пальца, на якой мастак расцірае і змешвае фарбы. Маладыя хлопцы з палітрамі і пэндзлямі ў руках працавалі за мальбертамі. Машара. Самога дырэктара студэнты засталі перад расцягнутым на падромніку палатном, з палітрай у руках. Карпюк.
2. перан. Падбор фарбаў у асобнай карціне, у творчасці мастака. Палітра Тыцыяна. // перан. Сукупнасць вобразна-выяўленчых сродкаў у творчасці пісьменніка, акцёра, кампазітара і інш. У вобразнай палітры Максіма Танка пачалі поўнасцю гаспадарыць фарбы светлыя, святочныя. Рагойша. Іграючы адмоўныя ролі, я імкнуўся ў іх выкарыстоўваць усю шматкаляровую палітру фарбаў жыцця. Сяргейчык.
[Ад фр. palette, ад іт. paletta — лапатка.]
палітрабо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.
Работа па палітычнай асвеце і выхавання.
палітрабо́тнік, ‑а, м.
Палітычны работнік; той, хто вядзе палітработу. У грамадзянскую вайну на франтах супраць Дзянікіна і Урангеля.. [Кавалёў] быў палітработнікам. Чарнышэвіч.
палітру́к, ‑а, м.
1. Ва Узброеных Сілах СССР да 1942 г. — асоба, якая кіравала палітычнай работай у падраздзяленнях вайсковых часцей. Палітрук роты.
2. Ва Узброеных Сілах СССР з 1935 па 1942 г. — воінскае званне для розных катэгорый палітычнага саставу. Камандаваў атрадам механік Ленінскай МТС Сцяпан Ваўчок, камісарам у яго быў Паходня, малодшы палітрук па воінскаму званню. Хадкевіч.
палітсаста́ў, ‑таву, м.
Ва Узброеных Сілах СССР — састаў ваенна-палітычных работнікаў. [Скіба:] Перадай камісару палка, каб сабраў увесь палітсастаў, я зараз буду гаварыць. Крапіва.