Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пале́нца, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да палена.

па́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад паліць ​1 (у 2 знач.).

2. у знач. прым. Абпалены. Паленая вапна. □ У даляглядзе пад яркім сонцам горы колеру паленай цэглы лезуць адна на адну. Бядуля.

3. у знач. прым. Які апаліўся, падгарэў. Запахла паленай збажыной, полымя абняла палову палёгка, пакідаючы чорныя прагаліны. Гурскі. Ад гарачыні з буракоў пацёк на цэглу сок, і ў хаце доўга пахла паленым цукрам. Пальчэўскі. / у знач. наз. па́ленае, ‑ага, н. Узляцеў фантан іскраў, засмярдзела паленым. Караткевіч.

палео́граф, ‑а, м.

Спецыяліст па палеаграфіі; даследчык старажытных рукапісаў.

пале́пшанне, ‑я, н.

Тое, што і паляпшэнне. [Страмілін:] Я прапаную падтрымаць таварыша Гусаковіча і ўзяцца за палепшанне канструкцыі. Крапіва.

пале́пшаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад палепшыць.

2. у знач. прым. Лепшы па якасці, па сваіх уласцівасцях. Палепшаная парода хатніх жывёл.

пале́пшаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Стаць лепшым. [Дзед:] — Паедзеш сёння са мною на Рудаівец. Надвор’е, здаецца, надоўга палепшала. Даніленка. // безас. Стала, зрабілася лепш. Старой, відаць, палепшала, яна пра нешта пачала гаварыць з хлопцамі і ўсміхацца. Парахневіч. [Домна:] — Ідзіце, можа, чаю напіцеся з дарогі?.. А там я вам пасцель пасцялю, адаспіцеся. Заўтра можа на дварэ палепшае. Лобан.

пале́пшыцца, ‑шыцца; зак.

Стаць лепшым па якасці, уласцівасцях. Цяпер брыгадзіру хацелася толькі аднаго: каб хутчэй палепшылася надвор’е, каб хутчэй адышла непагадзь. Кавалёў. Якасць прадукцыі значна палепшылася. «Звязда».

пале́пшыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

Зрабіць лепшым па якасці, уласцівасцях. Палепшыць якасць прадукцыі. Палепшыць канструкцыю машыны. Палепшыць настрой. □ — Мы пераконваем вас ісці ў калгас таму, што няма іншага шляху ў селяніна, каб палепшыць сваё жыццё. Галавач. — Ёсць у мяне такія-сякія задумы, як палепшыць работу цэха, — Булай загаварыў ужо спакойным дзелавым тонам. Шыцік.

пале́так, ‑тка, м.

Участак поля, які выкарыстоўваецца пад пасевы. Адразу ад лесу пачынаўся вялікі палетак, засеяны жытам. Шахавец. Перад вачыма паўстала чорная аблога леташніх кукурузных палеткаў. Савіцкі.

пале́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Спец. Празрыстая пласцінка з сеткай квадратаў, пры дапамозе якой вызначаецца плошча ўчасткаў на планах і картах.

[Ад фр. palette — пласцінка.]