Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чвяк, выкл.

Разм.

1. Выкарыстоўваецца гукапераймальна для абазначэння характэрнага гуку, які ўтвараецца пры хадзьбе па гразі, забалочаным месцы. Чвяк, чвяк, хлюп... Чвяк, чвяк, хлюп... Гэта Света пайшла па лініі ў сваіх гумавых боціках. Пташнікаў.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. чвякаць — чвякнуць. Момант — і афіцэр выхватвае шаблю. Высока ўзняты бліскучы клінок і ... чвяк. Афіцэрская шабля далёка ў бок адлятае, выбітая з рук мужыцкім бічом. Колас.

чвя́канне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. чвякаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Зрэдку чулася невыразнае мармытанне, соннае чвяканне губамі. Крапіва. Здалёку пачулася нейкае няроўнае чвяканне, быццам нехта цяжкі і нязграбны прабіраецца па багністай і гразкай глебе. В. Вольскі.

чвя́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Падаць, стукацца з глухім, мяккім гукам.

чвя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць гукі, характэрныя для хадзьбы па гразі, забалочаным месцы і пад. Ехалі [эскадроны] па лесе доўгім, вузкім ланцугом, чвякала пад конскімі нагамі гразь. Навуменка. Хоць дажджоў даўно не было, конь раз-пораз чвякаў у чорным балотным кісялі, груз да калень. Мележ. / у безас. ужыв. У кабінеце было светла, цёпла, і пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, .. Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна. Карпаў.

2. Ісці па чым‑н. мокрым, гразкім, утвараючы характэрныя гукі. Тады ён [Юрка] пачуў, што ў яго недзе збоку нехта чвякае па гразі. Ходзіць... Пташнікаў.

3. Тое, што і чаўкаць (у 1 знач.). Булка тырчыць [у немца] з рота, рукі завязваюць торбу, перахопіць, ізноў адхваціў кус, жарэ, чвякае, цягне, нясе... Гарэцкі.

4. Падаць, утвараючы глухі, мяккі шум. Ускідваліся і ўскідваліся рыдлёўкі, чвякала і чвякала, падаючы, мокрая твань. Мележ.

чвя́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Аднакр. да чвякацца.

чвя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Аднакр. да чвякаць (у 1, 3 і 4 знач.).

2. Ударыць чым‑н., кінуць, утварыўшы глухі, мяккі гук. Глушак штосілы чвякнуў пастол пад лаўку. Мележ.

член, ‑а, м.

1. Частка цела чалавека або жывёлы (пераважна пра канечнасці). // Пра мужчынскі палавы орган.

2. Спец. Састаўная частка, адзін з кампанентаў цэлага. Член сказа. Член прапорцыі.

3. Асоба, што ўваходзіць у склад якой‑н. групы, аб’яднання, арганізацыі, таварыства і пад. [Нічыпар:] — Горш за ўсё вось што, таварыш Нявідны: на вобыску ў часе арышту нашага сакратара забралі дакумент — спісак членаў замосцінскай падпольнай арганізацыі. Колас. Кожны з членаў брыгады будзе змагацца за тое, каб штодзённа выконваць зменныя заданні на сто пяцьдзесят пяць працэнтаў. Кулакоўскі. Трывожыліся не на жарты члены рэвізійнай камісіі, спяшаліся да кааператыва, правяралі замкі, накладвалі пячаці. Лынькоў. Ганскі адчуваў, што як член сельсавета, павінен тут нешта зрабіць. Крапіва.

4. Спец. Асобая часціца, якая ў некаторых мовах стаіць пры назоўніках; артыкль. Азначальны член (der, die, das — у нямецкай мове). Неазначальны член (ein, eine — у нямецкай мове).

•••

Аднародныя члены сказа — члены сказа, якія выконваюць у сказе аднолькавую сінтаксічную функцыю.

Галоўны член сказа — незалежны член сказа — дзённік або выказнік.

Даданыя члены сказа — члены сказа, якія паясняюць і дапаўняюць галоўныя члены сказа.

Кандыдат у члены КПСС (партыі) гл. кандыдат.

Правадзейны член — вышэйшае выбарнае акадэмічнае званне, якое надаецца вучоным або дзеячам мастацтва за буйны ўклад у навуку і культуру.

Член-карэспандэнт — акадэмічнае званне вучоных або дзеячаў мастацтва, выбраных агульным сходам якой‑н. акадэміі ў яе склад без права рашаючага голасу.

членападзе́льны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і членараздзельны. [Нявіднага] адлівалі вадою, зноў мучылі, а ён толькі скрыгатам сціснутымі зубамі, але не сказаў ніводнага членападзельнага слова. Колас.

членараздзе́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць членараздзельнага. Членараздзельнасць мовы.

членараздзе́льны, ‑ая, ‑ае.

Які выразна, ясна гучыць (пра гукі мовы, пра мову). Вымаўляць членараздзельныя гукі. // Выразны, зразумелы, ясны. Членараздзельны адказ.