чвя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць гукі, характэрныя для хадзьбы па гразі, забалочаным месцы і пад. Ехалі [эскадроны] па лесе доўгім, вузкім ланцугом, чвякала пад конскімі нагамі гразь. Навуменка. Хоць дажджоў даўно не было, конь раз-пораз чвякаў у чорным балотным кісялі, груз да калень. Мележ. / у безас. ужыв. У кабінеце было светла, цёпла, і пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, .. Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна. Карпаў.

2. Ісці па чым‑н. мокрым, гразкім, утвараючы характэрныя гукі. Тады ён [Юрка] пачуў, што ў яго недзе збоку нехта чвякае па гразі. Ходзіць... Пташнікаў.

3. Тое, што і чаўкаць (у 1 знач.). Булка тырчыць [у немца] з рота, рукі завязваюць торбу, перахопіць, ізноў адхваціў кус, жарэ, чвякае, цягне, нясе... Гарэцкі.

4. Падаць, утвараючы глухі, мяккі шум. Ускідваліся і ўскідваліся рыдлёўкі, чвякала і чвякала, падаючы, мокрая твань. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)