пажада́цца, ‑аецца; зак., безас.
Захацецца чаго‑н. І працоўным нашым людзям, Што ім пажадаецца, Па савецкаму закону Ўсё ў жыцці збываецца. Русак.
пажада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Выказаць або займець якое‑н. жаданне; захацець. [Манг] быў вольны, ён мог адлучацца, калі захоча, ехаць, куды пажадае! Маўр. [Міхась:] — Чалавек можа дабіцца вельмі многага. Варта яму толькі моцна пажадаць... Краўчанка.
2. чаго, каму і без дап. Выказаць пажаданне. [Стары] урачыста пажадаў сыну з нявесткай добрага здароўя. Брыль. На развітанне жанчына ад душы пажадала: — Спакойнай ночы! Гурскі.
пажа́длівы, ‑ая, ‑ае.
Схільны да задавальнення палавых пачуццяў. Пажадлівы чалавек. // Які выражае такую схільнасць. Твар у .. [Алы] пабялеў, заплюшчаныя вочы з густа падведзенымі вейкамі былі ў сініх кругах, і толькі поўныя, пажадлівыя вусны аставаліся, як звычайна, яркімі. Карпаў. Чубар праводзіў.. [гаспадыню] пажадлівым позіркам да дзвярэй. Чыгрынаў.
пажа́днасць, ‑і, ж.
Павышанае імкненне да задавальнення палавых пачуццяў.
пажалаба́ціцца, ‑ціцца; зак.
Зрабіцца жалабаватым. Некалі ў хаце была паслана падлога — проста на зямлю. Цяпер шырокія дошкі пажалабаціліся, абгнілі з краёў, іх патачыў шашаль. Місько.
пажа́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
Выказаць сваю жальбу, незадаволенасць; паскардзіцца на што‑н. Горка стане бедачыне, Не прыхіліцца нідзе, Тады толькі жаль астыне, Як пажаліцца дудзе. Колас. Глушачыха, збіраючы лыжкі, пажалілася старому: — Нацягалася я за канём!.. Мележ.
пажалкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.
Абл. Пашкадаваць аб чым‑н. — Эх, стрэльбы добрай няма ў мяне! — пажалкаваў дзед Талаш. Колас.
пажані́цца, ‑жанюся, ‑жэнішся, ‑жаніцца; зак., з кім і без дап.
1. Уступіць у шлюб (пра мужчыну і жанчыну). Пяць год таму назад сышліся.. [Ірына і Ігнась], пажаніліся. Лынькоў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ажаніцца — пра ўсіх, многіх. Большыя сыны Рамана пажаніліся і пааддзельваліся. Ермаловіч.
пажані́ць, ‑жаню, ‑жэніш, ‑жэніць; зак., каго з кім і без дап.
1. Злучыць шлюбам мужчыну і жанчыну.
2. Ажаніць усіх, многіх. Пажаніць сыноў.