падыма́нне, ‑я, м.
Дзеянне паводле дзеясл. падымаць — падняць (у 1–4, 7 знач.) і падымацца — падняцца (у 2 знач.).
падыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да падняцца.
2. Мець кірунак, ісці ўверх, вышэй. Доўгія і вузкія, рознакаляровыя ад розных пасеваў палосы падымаліся на круты ўзгорак і канчаліся садамі. Шамякін. Калі дарога пачала падымацца ўгору, Гняды стаў. Чарнышэвіч.
3. Зал. да падымаць.
падыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падняць.
падыме́ць, ‑міць; зак.
Дымець некаторы час. Дровы падымелі і патухлі.
падымі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., чым і без дап.
Дыміць некаторы час. Дзядзька Ігналь адчыніў акно, узяў люльку, падыміў крыху і зноў сеў на крэсла. Сіняўскі.
падымча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Хутка падбегчы або пад’ехаць. Дзяўчынка падымчалася к маці, абняла яе за ногі і зашаптала: — Мама, гэта вайна ўжо? Чорны.
падырыжы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
Разм. Дырыжыраваць некаторы час. — Ты кіруеш хорам? — Васіль падняў на ўзровень плеч руку і падырыжыраваў у паветры. Кулакоўскі.
падыскусі́раваць і падыскуці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., аб чым і без дап.
Разм. Весці дыскусію некаторы час.
пады́спад, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Адваротны бок; спод. Падыспад шапкі. Падыспад кашулі.
2. перан. Разм. Скрыты, адмоўны бок чаго‑н. [Кузьма Чорны:] — Вялікі пісьменнік [Бальзак]. Тут, братачка, нічога не скажаш. Увесь падыспад выверне табе. Скрыган. Тут [у палоне].. [Іван] убачыў падыспад фашызму і, мабыць, упершыню зразумеў, што пагібель — не самае горшае з усяго, што можа здарыцца на вайне. Быкаў.
3. у знач. прысл. Уніз; пад што‑н. Надзець падыспад. □ Мы пачалі рыхтавацца да начлегу. Дах над галавой ёсць, а падыспад можна наламаць лапак, нарваць папараці. І спі сабе на здароўе! Ваданосаў.
пады́спадам, прысл.
Унізе; пад чым‑н. Недзе падыспадам шапаціць сена, асядае, і Юрку зноў здаецца, што ціха-ціха шумяць сосны і што ён ідзе з лентай па Каралінскай пасецы. Пташнікаў.