падкрэ́сліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падкрэсліць.
падкрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Правесці лінію, рыску пад радком, літарай і пад. Падкрэсліць галосныя.
2. перан. Звярнуць чыю‑н. увагу на што‑н. важнае, значнае. [Леаніду Аляксеевічу] хацелася падкрэсліць сваю думку больш канкрэтнымі прыкладамі і больш яркімі фарбамі. Якімовіч. // Выдзеліць голасам, інтанацыяй найбольш важнае месца. — Таварышы! Старому трэба дапамагчы. Трэба вызваліць яго сына. Трэба! — падкрэсліў [камандзір].. апошняе слова. Колас. // Зрабіць больш адчувальным; зрабіць такім, што кідаецца ў вочы. Падкрэсліць адмоўныя рысы героя. □ Начное здарэнне падкрэсліла .. [адзіноту], зрабіла фізічна адчувальнай. Шынклер.
падкузьмі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго-што.
Разм. Паставіць у няёмкае становішча; падкусіць. [Давідзюк:] — Я без жартаў кажу табе: артыкул мне падабаецца, хоць ты і падкузьміў рэдакцыю. Сабаленка.
падкула́цкі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да падкулачніка. Падкулацкі элемент.
падкула́чнік, ‑а, м.
Уст. Селянін, які дзейнічаў у інтарэсах кулака. Агрызаліся кулакі і падкулачнікі, спадцішка, непрыкметна вялі атакі на новы лад. Асіпенка. Селькоры пісалі пра тое, як кулакі і падкулачнікі падрываюць знутры калгасы — знішчаюць жывёлу, знарок дамагаюцца, каб на палях быў недарод. Сабаленка.
падкула́чніца, ‑ы, ж.
Уст. Жан. да падкулачнік.
падкульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Падысці, кульгаючы. Пастушок ішоў цераз сілу, скалечаны, напалоханы. Ён ледзьве падкульгаў да гаспадара і заплакаў. Чорны.
падку́льгваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да падкульгаць.
2. Крыху, злёгку кульгаць. Падкульгваць на правую нагу.
падкупі́ць, ‑куплю, ‑купіш, ‑купіць; зак., каго-што.
1. Пры дапамозе грошай, падарункаў схіліць на свой бок. Падкупіць сведак. □ [Дзед:] — А стары Чапскі, а потым і яго сыны не хацелі аддаць луг сялу, падкупілі каморнікаў, і тыя пераправілі планы. Якімовіч. Іх [камуністаў] не падкупіш і не зломіш І не завабіш іх нічым. Колас.
2. перан. Выклікаць сімпатыю да сябе. Рыбак наўперад для паказу Сам заіграў на дудцы той і падкупіў малога зразу Сваёю шчодрай дабратой. Колас. Андрэю вельмі цяжка было гаварыць, але наіўная шчырасць дзяўчыны неяк падкупіла яго. Кулакоўскі.
падку́плены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падкупіць.