Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падключы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які праходзіць, знаходзіцца пад ключыцай. Падключычная артэрыя.

падключэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падключыць і падключыцца.

падкляпа́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падкляпаць.

падкляпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Прыкляпаць што‑н. да чаго‑н.

2. Закляпаць шчыльней, мацней.

падко́ва, ‑ы, ж.

1. Жалезная дугападобная пласціна, якая прыбіваецца пад конскія капыты для засцярогі іх ад пашкоджання, а таксама для таго, каб пазбегнуць слізгацення. Верхавыя падковы. □ Брук грыміць стукатам колаў і конскіх падкоў. Скрыган. // перан. Тое, што нагадвае форму такой пласціны. За домам — прастор сенажацяў аж да спавітай смугой падковы лесу. Навуменка. Невялічкая рэчка падковай агінала гуту. Гурскі.

2. Металічная пласцінка дугападобнай формы, якая прыбіваецца пад абцас абутку. Гаворачы,.. [Андрэй Клыга] паволі хадзіў па краі сцэны, грузна згінаючы ногі ў каленях і бразгаючы па сухіх дошках адстаўшымі падковамі ботаў. Чорны.

падко́ваны,

гл. падкаваны.

падковападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Такой формы, як падкова, падобны на падкову. Падковападобная бухта.

падко́л, ‑у, м.

Разм. З’едлівыя, непрыемныя словы, насмешка. Новікаў не падняў галавы ад работы, нібы і не чуў, што сказаў Рыгор, нібы не заўважыў падколу. Арабей.

падко́латы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падкалоць ​1.

падко́лванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падколваць ​1.