паддрэ́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца, расце пад дрэвамі. Да змроку.. [Вэня] перабыў у лесе, стуліўшыся ў паддрэўным хмызняку. Чорны.
паддубо́вік, ‑а, м.
Грыб з жоўта-бурай шапкай, падобны на баравік.
паддува́ла, ‑а, н.
Адтуліна пад топкай, куды праходзіць паветра, якое падтрымлівае гарэнне. Адчыніць паддувала. □ Водсвет полымя цераз паддувала, цераз шчылінкі ў дзверцах падаў на падлогу пучкамі. Шамякін.
падду́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца пад дугой, прымацаваны да дугі. Паддужны званочак.
2. Спец. Дадатковы, дапаможны на які‑н. выпадак (пра каня). // у знач. наз. падду́жны, ‑ага, м. Коннік, які суправаджае каня на скачках.
пад’е́зд, ‑у і ‑а, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пад’язджаць — пад’ехаць.
2. ‑а. Месца, шлях, па якім пад’язджаюць куды‑н. Гарышны паклаў свой багаж на лавачку, паглядзеў на пад’езд да ракі, на гадзіннік і апусціўся на лавачку і сам. Ракітны. Ціток абышоў усю.., круговіну лесу, агледзеў, як дбалы гаспадар, усе пад’езды і выезды. Лобан.
3. ‑а. Уваход (звычайна крыты) у будынак. Каля цэнтральнага пад’езда Дома ўрада стаялі грузавыя машыны. Якімовіч. Людзі кідаліся ў двары, у парадныя пад’езды. Лынькоў. Герояў Сацыялістычнай Працы яшчэ не так многа, і калі ўжо ў вашым доме жыве герой, дык яго, як і чэмпіёна свету, ведаюць усе: і ў якім пад’ездзе ён жыве, і па якім паверсе, і якая нават кватэра... Васілевіч.
пад’е́здны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пад’езда (у 3 знач.). Пад’ездныя дзверы. □ Навіцкі парадаваўся, што нікога няма ля пад’езднай лаўкі, хутка шмыгнуў у пяціпавярховы дом. Далідовіч.
пад’е́льнік, ‑у, м.
Род шматгадовых сапрафітных травяністых раслін сямейства вертляніцавых з лусачкамі на сцябле, жаўтаватымі лісцікамі і кветкамі, сабранымі ў гронку, якія растуць пераважна ў хвойных лясах.
пад’есау́л, ‑а, м.
Афіцэрскі чын у казацкіх войсках дарэвалюцыйнай Расіі ніжэй есаула. // Асоба ў гэтым чыне.
пад’е́сці, ‑ем, ‑ясі, ‑есць; ‑ядзім, ‑ясце, ‑ядуць; пр. пад’еў, ‑ела; заг. пад’еш; зак.
Разм.
1. Наталіць голад, наесціся. [Маці] паклікала Андрэя снедаць. Дзядзька Марцін і Якуб у хату не пайшлі, спаслаўшыся на тое, што яны нядаўна добра пад’елі. Колас. // Паесці. Хіба спакойна пад’ясі, калі цябе чакае цэлая кампанія? Гамолка.
2. што. Аб’есці, абгрызці знізу; сапсаваць. Пад’есці дрэва.
пад’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. пад’едзь; зак.
1. Едучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У наступную ноч да катла пад’ехалі на санках партызаны. Шчарбатаў. Прыцемкам да Ермаліцкіх пад’ехаў вазок, запрэжаны добрым стаеннікам. Грахоўскі. // Заехаць пад што‑н. Пад’ехаць пад мост. // Праехаць нейкую частку шляху на падарожным транспарце. Цяпер я пакаяўся, што не падаўся на бальшак, дзе мог пад’ехаць на падарожнай машыне. Якімовіч.
2. Разм. Прыехаць куды‑н. У той жа дзень Стрыжак загадаў Тышкевічу весці групу на аб’яднанне з атрадам Ваталава. Сам абяцаў пад’ехаць пазней. Асіпенка. [Палавінка] па развітанне моцна паціснуў Кавалёвай руку і абяцаў сам пад’ехаць у калгас. Дуброўскі. // З’ездзіць куды‑н. на нейкі час. [Аканом:] — Дзень добры, панове. Феакціст Антонавіч вельмі прасіў да яго пад’ехаць на гадзіну якую. Галавач.
3. перан. Разм. Падлізацца да каго‑н.; дабіцца чаго‑н. хітрасцю, ліслівасцю. Пад’ехаць да начальства. □ [Вруй] цярпліва чакаў, покі Саўка думаў, і меркаваў, ці спрытна пад’ехаў ён да Саўкі. Колас. Хлопцы былі пранырлівыя, умелі пад’ехаць да жанчын, ласкай выпрасіць тое, чаго і сілай не возьмеш. Новікаў.