Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падагну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падагнуць.

падагну́цца, ‑гнецца; зак.

1. Загнуцца пад што‑н., унутр чаго‑н. Край абруса падагнуўся.

2. Сагнуцца ў суставах (пра часткі цела). [Юстынь] прыхінуўся плячыма да сцірты, бы адчуваў — падагнуцца ногі, не ўстоіць. Чарнышэвіч.

падагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., што.

1. Загнуць пад што‑н., унутр чаго‑н. [Каваль:] — Падковы вялізныя — не для нашых коней. Але можна канцы адсячы, падагнуць крышку, — усё ж не новыя рабіць. Жычка.

2. Сагнуўшы, падабраць пад сябе (ногі, хвост). [Маня] .. падагнула пад сябе ногі і падперла твар рукамі. Чорны.

пада́гра, ‑ы, ж.

Захворванне суставаў і тканак у выніку парушэння абмену рэчываў.

[Лац. podagra.]

падаграва́льнік, ‑а, м.

Прыстасаванне для падагравання чаго‑н. Падагравальнік вады.

падаграва́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для падагравання. Падагравальнае прыстасаванне.

падаграва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падаграваць.

падаграва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падагрэцца.

2. Зал. да падаграваць.

падаграва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падагрэць.

пада́грык, ‑а, м.

Разм. Хворы на падагру.