паважчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Разм. Стаць, зрабіцца больш важкім, цяжкім. Хмары, здавалася, паважчэлі і насунуліся ніжэй. Мележ.
пава́жыцца 1, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Вызначыць сваю вагу шляхам узважвання.
пава́жыцца 2, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Пасмець, асмеліцца. Дні паднявольныя болей не вернуцца; Эх, не надзенуць нам пут... Хай хто паважыцца, хай хто намерыцца — Сам імі будзе ён скут! Чарот. [Бацька:] — Як паважыцца хто памерацца сілаю, гукні свой народ, і ён зноў абароніць цябе. Пальчэўскі.
пава́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Вызначыць вагу, цяжар каго‑, чаго‑н.; узважыць. Паважыць мяшок. □ [Гаспадар] вынес з сянец торбу жыта з бязменам, паважыў: — На, бяры свае фунты. Лобан. [Клемс] памацаў зерні пальцамі, наважыў іх на руцэ і сыпнуў. Галавач.
2. Узважыць усё, многае або ўсіх, многіх. Паважыць усю бульбу.
3. і без дап. Важыць некаторы час.
павазі́цца, ‑важуся, ‑возішся, ‑возіцца; зак.
1. Вазіцца, катацца некаторы час. — Я не буду доўга, Зараз жа вярнуся, Трошачкі на рэчцы Ў санках паважуся. Колас.
2. перан. Разм. Аддаць многа часу якой‑н. справе; паваждацца. Хлапец пачынаў разумець, што і над яго пліткай з дзірачкай яшчэ нямала трэба павазіцца, каб з яе атрымалася дэталь. Кулакоўскі.
павазі́ць, ‑важу, ‑возіш, ‑возіць; зак., каго-што.
1. Вазіць некаторы час. Павазіць збожжа на машыне. Павазіць дзяцей на санках.
2. Звезці, перавезці ўсё, многае. Павазіць усё сена. Павазіць снапы. □ — Ай ды камуна! Глядзі, як у іх усё ідзе скора і гладка: мы жыта не паспелі павазіць, а яны авёс возяць, — гаварылі сяляне суседніх вёсак. Чарот.
паваксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.
Разм. Памазаць ваксай; наваксаваць. Паваксаваць боты.
пава́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паваліць 1.
2. Тое, што павалена; павалены лес, буралом. У лесе няма ні павалу, ні галля — ён чысты, як падмецены. Пестрак.
павалаво́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Разм. Валаводзіцца некаторы час. Веры не ў навіну даіць кароў. Андрэю ж прыйшлося павалаводзіцца. Дуброўскі.
павалаво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго, з чым.
Разм. Валаводзіць некаторы час. Ну, і павалаводзіў жа ён нас з гэтай справай.
павалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце; пр. павалок, ‑лакла, ‑ло; зак., каго-што.
1. Пацягнуць волакам, не адрываючы ад паверхні чаго‑н. Віктар ухапіў Мірона за ногі і павалок па зямлі. Маўр. Выплыў Сенька з затока, пераехаў Прыпяць, потым, спусціўшыся крыху ніжэй, прыстаў да берага і павалок лодку ў кусты. Краўчанка.
2. Панесці што‑н. цяжкае, з цяжкасцю. Праца закіпела дружна. Хлопцы, дзяўчаты павалаклі дошкі, цэглу, жалеза. Карпюк. Завішнюк узяў свае мяшкі, трыножнік і павалок на двор, як нешта зусім чужое. Пташнікаў.
3. Разм. Павесці сілком, прымусіць пайсці куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок са двара. Брыль. Паліцыянты схапілі высокага .. харыста Паўла Моніча і павалаклі. Сабаленка.