Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

павады́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да павадыр.

паважа́ны, ‑ая, ‑ае.

Які выклікае пачуццё павагі, да якога адчуваюць павагу. Паважаны чалавек. □ Студэнты сумеліся і не ведалі, што адказаць паважанаму прафесару. Дуброўскі. // Ужываецца ў якасці эпітэта ў ветлівым звароце. Паважаныя таварышы! Паважаныя госці! // у знач. наз. паважа́ны, ‑ага, м.; паважа́ная, ‑ай, ж. Ужываецца як зваротак з выражэннем фамільярнасці, пагарды, іроніі. Вось што я вам скажу, паважаны.

паважа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Адчуваць павагу, адносіцца з павагай да каго‑, чаго‑н. Паважаць старэйшых. □ І вучні, і мы, настаўнікі, любілі і паважалі Аляксея Іванавіча за яго любоў да сваёй працы. Скрыпка. Маці.. кіравалася інтарэсамі меншага сына, якога яна дужа любіла і паважала. Колас.

2. Любіць, цаніць што‑н. Маці з бацькам звычайна казалі, што яны не надта паважаюць .. [бліны з мачанкай], і сваю долю таксама аддавалі дзецям. Якімовіч. Таня сказала, што яна паважае эстрадную музыку. Грамовіч. Свае ўласцівасці ўсе людзі маюць. Адны — рыбалку паважаюць. З бляшнёй ля пелькі могуць векаваць. Корбан.

паважда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Важдацца некаторы час. Паваждацца з дзецьмі. □ Стары паваждаўся з хвіліну і выцягнуў на бераг цёмна-залацістую рыбіну. Ляўданскі.

пава́жлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць паважлівага.

пава́жлівы, ‑ая, ‑ае.

Які адносіцца з павагай да каго‑, чаго‑н. Як жа не дапамагчы, не адказаць, калі яны [Антон, Хведар] хлопцы маладыя, паважлівыя, за настаўніка мяне лічаць. Кавалёў. [Палашка:] — Сапраўды [Камар] хлопец хвацкі і паважлівы, ведае, як да чалавека ставіцца. Лынькоў.

пава́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць паважнага; важнасць, няспешнасць. Было спакойна і лагодна, Як бы сама прырода тая Паважнасць свята адчувае. Колас. Ветліва, аднак не трацячы афіцыйнасці і пасольскай паважнасць,.. [паслы] развіталіся і выйшлі. Машара.

паважне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць, зрабіцца важным, важнейшым. — Чакаў .. [дырэктара] і думаў: «Мабыць, здорава змяніўся чалавек за часы гэткага ўзлёту, пасаліднеў, паважнеў...» Карамазаў. Асіннік узняўся вышэй за дом, а бярозкі паважнелі і стаялі нібы да некага прыслухоўваючыся. Кавалёў.

пава́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Важнічаць некаторы час.

пава́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Важны, поўны годнасці, самавітасці. Сама [Гайная] трымала лейцы і сядзела гордая, паважная, як на троне. Шамякін. Каржакаватыя, паважныя дубы як бы застылі ў спрадвечным спакоі. Навуменка. // Разм. Вельмі важны; уплывовы. У кабінеце Пятра Іванавіча, дырэктара даволі паважнай установы, сядзеў галоўны бухгалтар Васіль Сазонавіч. Арабей.

2. Спакойны, няспешны, павольны. Паважныя рухі. □ Голас .. [Мікіты] стаў званчэйшы, а тэмп чытання больш паважны. Колас. Грузкай паважнай хадою прайшоў Няслаўскі разы два па пакоі. Мурашка.

3. Старэчы (пра ўзрост). Але нішто не кранала лорда. Мо таму быў прычынай больш чым паважны ўзрост. Лынькоў.