вясля́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да веславання. Вяслярны спорт.
вясна́, ‑ы; мн. вёсны, вёсен; ж.
1. Пара года паміж зімой і летам. Прайшла зіма, вясна настала. Колас.
2. перан. Пра светлую радасную пару жыцця; маладосць. Вясна чалавецтва.
вясно́й і вясно́ю, прысл.
У час вясны. Люблю пазіраць я На поле вясной, Як ветрык жартліва Плыве збажыной. Колас. Вясною тут да позняе пары на скібы глебу крояць трактары. А. Вольскі.
вясну́шкаваты, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты вяснушкамі, з вяснушкамі. Вяснушкаваты твар. □ Кірпатая, вяснушкаватая дзяўчына ў чырвонай касынцы чытала кніжку. Карпаў.
вясну́шкі, ‑шак; адз. вяснушка, ‑і, ДМ ‑шцы; ж.
Пігментныя плямкі карычневага або жоўтага колеру (пераважна на твары), якія з’яўляюцца ў некаторых людзей вясной. На худзенькім і бледным тварыку павыступалі вяснушкі. Карпюк.
вясня́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Абрадавая веснавая песня. Дзяўчаты хорам спявалі «вяснянкі». Колас.
2. Абл. звычайна мн. (вясня́нкі, ‑нак). Тое, што і вяснушкі. І шчокі і кірпаты нос былі ўсеяны такім мноствам вяснянак, што, калі твар трапляў пад сонца, здавалася, ён, успыхваў, як касцёр. Лынькоў.
3. Насякомае атрада сятчастакрылых.
4. Аднагадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных.
вясня́ны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і веснавы. Па каліне цвет вясняны закрасуе мне ізноў. Дубоўка. Дзеці бацькоў сваіх Сёння з паходу чакалі — Беглі бацькоў сустракаць у вясняныя далі. Куляшоў.
вяста́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
У старажытных рымлян — жрыца Весты, багіні дамашняга ачага.
вясту́н, вестуна, м.
Той, хто сваім з’яўленнем нагадвае пра набліжэнне чаго‑н. Парывісты вецер.. час ад часу заносіў аднекуль здалёк пару-другую сняжынак — першых вестуноў і разведчыкаў зімы. Шамякін.