Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адсту́пнік, ‑а, м.

Той, хто адступіўся, адрокся ад ранейшых поглядаў, перакананняў. Адступнік ад веры. Палітычны адступнік. □ Тыя затонцы, што не запісаліся на сходзе ў калгас, цяпер вышэй пападымалі галовы і даволі зняважліва пазіралі на адступнікаў, на тых, што павыпісваліся з калгаса. Колас. // Пагард. Той, хто здрадзіў каму‑, чаму‑н. [Сымон:] На такога будуць тыкаць пальцамі і шаптаць асцярожна: «адступнік, душапрадавец!» Купала.

адсту́пніца, ‑ы, ж.

Жан. да адступнік.

адсту́пніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да адступніка, адступніцтва.

адсту́пніцтва, ‑а, н.

Здрада ранейшым поглядам, перакананням. Нідзе адступніцтва і здрады Не знойдзе вораг між случчан. Астрэйка.

адступно́е, ‑ая, ‑ое.

1. Які прапануецца каму‑н. за згоду адступіцца, адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. Адступныя грошы.

2. у знач. наз. адступно́е, ‑ога, н. Разм. Плата, якая прапануецца каму‑н. за згоду адступіцца, адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. [Паціеўскі:] Яны згадзіліся, што Пшыкальскі дасць Пытлевічу адступнога, і Пытлевіч сабе сваю студню выканае. Чорны. — Я табе адступнога дам, — запрапанаваў «святы». Колькі ты просіш? Навуменка. Андрэй набраў туфель жыта, патрос над засекам і, нібы адступнога, сыпануў у няпоўны мех. Грахоўскі.

адсу́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адсудзіць.

адсу́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адсудзіць.

адсудзі́ць, ‑суджу, ‑судзіш, ‑судзіць; зак., каго-што.

Атрымаць, адабраць, вярнуць што‑н. праз суд. Слёз у .. [Настасі] не было; яна даўно выплакала іх, яшчэ да таго дня, калі Юрка прыехаў з суда са страшнай весткай аб тым, што Халуста адсудзіў у іх хутар. Чарнышэвіч.

адсука́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адсукаць.

адсука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і ‑сучу, ‑сучаш, ‑суча; зак., што.

1. Рассукаўшы, аддзяліць. Адсукаць нітку.

2. Адбіць, адматаць з цэўкі.