вы́шараваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Шаруючы, вычысціць, вымыць. [Прыбіральшчыца:] — Прыбрала я ўчора пакой. Памыла падлогу. Так ужо вышаравала, проста як новая. Грамовіч.
вышаро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да вышараваць.
вы́шастаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Выпусціць, выдзьмуць; выстудзіць. Вышастаў вецер цяпло з хаты.
вы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Высокая пераважна конусападобная пабудова спецыяльнага прызначэння; вежа. Тэлевізійная вышка. Буравая вышка. Вартавая вышка.
вы́шкалены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад вышкаліць.
2. у знач. прым. Вывучаны, вымуштраваны, выдрэсіраваны.
вы́шкаліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго.
Разм. Навучыць строга паводзіць сябе, зрабіць дысцыплінаваным; вымуштраваць, выдрэсіраваць.
вышкаманта́жнік, ‑а, м.
Рабочы, спецыяліст па мантажу вышак.
вышкаманта́жны, ‑ая, ‑ае.
Які займаецца мантажом вышак. Вышкамантажная брыгада.
вы́шкі, ‑шак; адз. няма.
Насціл пад страхой у хляве або ў канюшні для сена, розных гаспадарчых прылад. Лежачы, Несцер думаў, што вось заўтра яму трэба наладзіць услон, і ўспомніў, што недзе на вышках павінна быць для гэтага сухая кляновая плашка. Кулакоўскі.
вы́шліфаваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад вышліфаваць.