Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тапту́н, ‑а, м.

Разм. Той, хто топчацца без справы, марудна выконвае што‑н. [Загадчык гарадка:] — Машына гэтая далікатная, яна не любіць, калі дакранаецца да яе які-небудзь таптун, а не сапраўдны вадзіцель. Кулакоўскі.

тапту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

1. Разм. Жан. да таптун.

2. Адзін з відаў рыбалоўнай сеткі. У Куранях ракі .. не было, і снасць тут у людзей трымалася свая, балотная: лазовыя баўтухі, лазовыя таптухі, венцяры... Мележ. Калісьці ж вось тут у лазе Таптухі мы ставілі самі, Ішлі асцярожна ў вадзе. Нясмела тапталі нагамі. Аўрамчык.

тапча́к, ‑а, м.

1. Род коннага прывода. Замардавалі [гаспадары] дзяўчыну. Кожны дзень, як конь у тапчаку, ідзе і ідзе .. Ні адпачынку, ні ласкавага слова. Чарнышэвіч.

2. Тое, што і таптуха (у 2 знач.). [Плотка:] — Гоняць нас усюды. Ловяць нас на вуды, Надзяць па гарох. Ловяць невадамі, Душаць венцярамі, Брэднем, тапчаком. Колас.

тапча́н, ‑а, м.

1. Нізкі ложак з дошак на козлах. На цэментовай падлозе стаяў дзеравяны тапчан-койка. Колас.

2. Пакаёвая шырокая лаўка, звычайна са спінкай. На куце пад абразамі Стол стаіць, як пан; Дзве пры ім таўстыя лаўкі І адзін тапчан. Купала. Каля стала па тапчане, на голым сенніку, моцна спіць Ірынка. Чорны.

тапчано́к, ‑нка, м.

Памянш. да тапчан; невялікі тапчан. Гэта была шпітальная кладоўка, у дальнім кутку якой стаяў мой тапчанок, змайстраваны з негабляваных дошак. Пянкрат.

тапчы́ла, ‑а, н.

Спец. Чоп для таптання вінаграду.

тапы́ршчыцца, ‑шчыцца; незак.

Абл. Тапырыцца. Тырчалі халодныя крыжавіны елак. Тапыршчыліся вострыя ядлоўцы. Карпюк.

тапы́ршчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., што.

Абл. Тапырыць. Пераступае [Васіль] парог будкі, — вартавы прыветна тапыршчыць свае рыжыя вусы. Кулакоўскі.

тапы́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падымацца ўверх, стаяць тарчма (пра валасы, шэрсць і пад.). Віця глядзіць на Валерыю. На ёй сіняя сукенка з высокім белым каўнерыкам, што вельмі пасуе да яе смуглявага твару; кароткія чорныя валасы крыху тапырацца ў бакі каля вушэй, і яна час ад часу папраўляе іх. Нядзведскі. Бялявыя коратка падстрыжаныя валасы тапырыліся калючым вожыкам. Хомчанка. // Не ляжаць роўна, гладка; карабаціцца. Кажушок Сымона Данілавіча тапырыўся. Грамовіч. Шчыльна падагнаная бекеша з такім жа каўняром, як і шапка, трошкі тапырылася на жываце. Кулакоўскі. // Не прылягаць. Ад мноства фатаграфій тоўстыя лісты альбома тапырацца, раскрываючыся самі сабою. Палтаран.

2. Выгінаць цела, напружвацца; падымаць тарчма шэрсць, іголкі і пад. (пра жывёл). Пеця трымаў за шыю чорнага вялікага ката Ваську, які тапырыўся і шыпеў. Сіняўскі. Паставіў [бацька] каня, падкінуў сена, а сам ужо збіраўся ісці ссякаць сухастоіну, як бачыць — тапырыцца штосьці конь. Якімовіч.

3. перан. Быць незадаволеным чым‑н. або капрызным; супраціўляцца. Базыль пагладзіў сына па галаве. — Ты паслухай спачатку; што да чаго, а тады ўжо тапырыцца будзеш... Курто. Непрыветлівыя позіркі скрыжаваліся на Арэшкіну, і ён адчуваў сябе вінаватым, але тапырыўся. Шамякін.

тапы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

Паднімаць, ставіць тарчма, натапырваць (валасы, шэрсць і пад.). Здавалася, што для міліцыянера і тапырыў вусы Сцяпан Пракопавіч. Шахавец. / Пра галіны, лісты і пад. Рыта адхіляла .. [каласы] убок, а яны зноў тапырылі на яе вусы. Васілевіч.