адры́ў, ‑рыву, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. адрываць — адарваць, адрывацца — адарвацца.
2. перан. Страта, разрыў сувязі з чым‑н. Адрыў формы ад зместу. Адрыў мастацтва ад жыцця.
•••
Без адрыву ад вытворчасці — працягваючы працаваць.
У адрыве ад... — не падтрымліваючы сувязі з кім‑, чым‑н.
адрыўны́, ‑ая, ‑ое.
Такі, ад якога можна што‑н. (лісткі, старонкі) адрываць; зроблены так, што можа быць адарваны. [Наўмыснік] кожны дзень адрываў лісток з адрыўнога календара і пакутна адчуваў, як павольна цягнуцца дні. Чорны. З часу, як мы на дарозе пакінулі іх [Марыну і Максіма], Колькі згубіў каляндар наш лісткоў адрыўных? Куляшоў.
адрэагава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак.
Адказаць, адазвацца якім‑н. чынам на тое або іншае дзеянне, ўчынкі. Адрэагаваць на крытыку.
адрэгулява́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адрэгуляваць.
адрэгулява́цца, ‑люецца; зак.
Прыйсці ў неабходны для работы стан; стаць адрэгуляваным.
адрэгулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.
Рэгулюючы машыну, механізм, прывесці ў неабходны для работы стан. Майстар сам спусціў і прыправіў форму, сам адрэгуляваў накладку, сам зрабіў заліўку і змазку машыны. Брыль. Люда злуецца: «Няўжо вы не можаце самі адрэгуляваць [сеялку] — падцягнуць сашнікі да штангі?» Хадкевіч.
адрэдагава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адрэдагаваць.
адрэдагава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., што.
Правесці рэдагаванне якога‑н. тэксту. Садовічу, Райскаму і Тукалу даручылі напісаць пратакол настаўніцкага сходу і адрэдагаваць пастанову. Колас. Не паспеў Якаў Сцяпанавіч адрэдагаваць заметку, як на парозе з’явіўся яе аўтар. Паслядовіч.
адрэ́з, ‑а, м.
1. Кавалак тканіны, адрэзаны для пашыву чаго‑н. Дзядуля адчыніў [куфар] і дастаў адтуль адрэз моцнага корту цёмнага колеру. Якімовіч. Ці не занадта яркая расфарбоўка для маёй старой? — разгладжваючы крыху пакамечаны адрэз на плацце, спытаў .. [Красан] у Гашы. Стаховіч.
2. Тое, што і абрэз (у 1 знач.). [Андрэй:] — Дзе ў каго ёсць якія адрэзы, вінтоўкі, няхай бяруць з сабою ў лес. Пестрак.
•••
Даць галаву на адрэз гл. даць.
адрэ́зак, ‑зка, м.
1. Невялікі адрэзаны кавалак чаго‑н. [Васіль] адрэзаў з братам некалькі дошак на столь. Паставіў адрэзкі пры сцяне на козлы, каб можна было браць зверху. Мележ.
2. Абмежаваная частка чаго‑н. Адрэзак часу. Адрэзак шляху. □ Застава лейтэнанта Усава ў няроўнай барацьбе.. трымала давераны ёй адрэзак граніцы. Брыль.
3. пераважна мн. (адрэ́зкі, ‑аў). Землі, адрэзаныя ад сялянскіх надзелаў у часе рэформы 1861 г. ў Расіі.