адры́вачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з асобных урыўкаў, які не складае цэлага; няпоўны, мала звязаны. Адрывачныя звесткі.
2. Які перапыняецца нечаканымі паўзамі, адрывісты. Адрывачныя фразы.
адры́вісты, ‑ая, ‑ае.
Які раптоўна абрываецца; перарывісты (пра гукі). Зусім недалёчка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Лынькоў. Брэх вясковых сабак пераклікаўся з глухім адрывістым брэхам нямецкіх аўчарак. Васілевіч. // Пра гаворку, якая перапыняецца частымі паўзамі, складаецца з асобных слоў, кароткіх, рэзкіх выказванняў. Злосна і падоўгу круціць дзяжурны ручку апарата, а пасля гэтак жа злосна і падоўгу крычыць у трубку адрывістыя, неразборлівыя словы. Галавач.
адрыга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адрыгнуць.
адрыгну́цца, ‑нецца; зак.
1. Выйсці, выдаліцца са стрававода, са страўніка пры адрыжцы. // безас. Пра адрыжку. Адрыгнуцца цыбуляй.
2. перан. Разм. Выклікаць непрыемныя для каго‑н. вынікі; адбіцца пэўным чынам за зробленае каму‑н. зло. [Сёмка:] Гні, пане, дрэўца, пакуль гнецца, Прыйдзе пара — адрыгнецца. Глебка.
адрыгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Выдаліць газы, часціны, ежы пры адрыжцы.
адры́жка, ‑і, ДМ ‑жцы, ж.
1. Выхад са стрававода, страўніка праз рот газаў, іншы раз з часцінкамі ежы. Елі Пшыбыцкі з Андрусовічам доўга і прагна, аж пакуль не апанавала абодвух адрыжка. Курто. Я узненавідзеў гэтых мукамолаў і пасечнікаў (рыжыя бароды, Святыя твары, сытая адрыжка). Панчанка.
2. перан. Разм. Праяўленне чаго‑н. аджылага; перажытак. Адрыжка мінулага.
адры́на, ‑ы, ж.
Халодная будыніна для захоўвання кармоў, сельскагаспадарчага інвентару; пуня. З чыстай рэчкі Быстрыцы Светлай чыстай вадзіцы, А з адрыны Канюшыны, А са свірна макухі, А мякіны з-пад павеці Для кароўкі Пястухі Нанасілі гуртам дзеці. Шушкевіч.
адры́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Адысці назад, адступіць, адхлынуць. Натоўп адрынуў назад.
адрыпе́ць, ‑піць; зак.
Перастаць рыпець. Адрыпеў журавель над калодзежам. Колькі вёдзер ты нацягаў, Поячы жнівень, Глякі халодзячы, Колькі смагі здымаў, Стомы змываў!.. Арочка.