фасе́т, ‑а, М ‑сеце, м.
Спец.
1. Скошаная бакавая грань чаго‑н.
2. Грань адшліфаванага каменя.
3. Рагавіца кожнага з асобных вочак, з якіх складаецца складанае вока членістаногіх.
[Фр. facette.]
фасе́тачны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да фасета, фасеткі. Фасетачнае вока.
фасе́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Спец. Тое, што і фасет.
фа́ска 1, ‑і, ДМ фасцы; Р мн. ‑сак; ж.
Спец. Скошаная частка рабра, канта на драўляных, металічных і іншых вырабах. І калі разец канчаў знімаць апошнюю фаску — нібы ачнуўся хлопец. Ваданосаў.
[Ад франц. facette.]
фа́ска 2, ‑і, ДМ фасцы; Р мн. ‑сак; ж.
Разм. Памянш. да фаса; невялікая фаса. З Балачанкі прывёз фаску салёных грыбоў. Колас.
фасо́вачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да фасоўкі. Фасовачны цэх. // Прызначаны для фасоўкі, які служыць для фасоўкі. Фасовачная машына.
2. у знач. наз. фасо́вачная, ‑ай, ж. Цэх, аддзел і пад., дзе фасуюць. Фасовачная пры аптэцы.
фасо́левы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фасолі. Фасолевыя стручкі. // Прыгатаваны з фасолі. Тут [у рэстаране] надавалі селядцы з бульбай, харошы капусны боршч з мясам, бульбяныя, грыбныя супы, гарохавы, фасолевы, грэцкую кашу. Пестрак.
фасолеўбо́рачны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для ўборкі фасолі. Фасолеўборачная машына.
фасо́ліна, ‑ы, ж.
Адно зерне фасолі. Дзядзька адлічыў сто фасолін, разлажыў на адзінаццаць кучак. Выйшла па дзевяць штук у кучцы і адна фасоліна лішняя. С. Александровіч.
фасо́ль, ‑і, ж.
Абл. Фасоля. Там, калі над пушчамі Навісала золь, Рукі яе [матчыны] лушчылі Боб, гарох, фасоль. Куляшоў.
фасо́ля, ‑і, ж.
1. Травяністая аднагадовая расліна сямейства бабовых. Паніка за .. [Віктарам] сачыў, пакуль таго не схавалі сланечнікі і тычкавая фасоля. Карпюк. [Мужчына:] — У нас быў свой агарод — бульба, фасоля. Васілевіч.
2. зб. Насенне гэтай расліны, якое выкарыстоўваецца для ежы. [Ганна] адышлася ад акна, на якім перабірала фасолю. Чорны.