Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

мело́дыя, ‑і, ж.

1. Заканамерная паслядоўнасць гукаў, якая ўтварае пэўнае музычнае адзінства; напеў, матыў. Павольная, поўная велічнай гармоніі мелодыя гучыць у зале. Мележ. Слоў яшчэ не было — нараджалася адна мелодыя, але за ёй павінны былі з’явіцца і словы. Хадкевіч. Над рэчкай плыла мелодыя нейкай вельмі знаёмай песні. Асіпенка.

2. Музыкальнасць, меладычнасць. Мелодыя верша. □ І заснеш пад мелодыю слоў Сном аратага — ціхім, шчаслівым. Будзеш сніць аб прасторах палёў, Аб сваіх пазалочаных нівах. Тарас.

[Ад грэч. melōdia — напеў, песня.]

мель, ‑і, ж.

Неглыбокае месца ў рэчцы, возеры або моры, небяспечнае для суднаходства. На мелі, прыціскаючыся да пясчанага дна, чародкамі плавалі шэрыя печкуры. Гурскі.

•••

Сесці на мель гл. сесці.

ме́лькам, прысл.

1. (у спалучэнні з дзеясл.: «бачыць», «глянуць» і пад.). Нядоўга, імгненна. Хацелася яшчэ раз хоць мелькам зірнуць .. [Мілоўскаму] у твар. Галавач.

2. Няўважліва, бегла, мімаходам. Лапыр мелькам зірнуў на загалоўкі, больш уважліва — на друкаваныя подпісы і ўжо з нейкай павагай вярнуў выразкі гаспадару. Паслядовіч. [Мірон Іванавіч] мелькам зірнуў на ходзікі: быў пачатак чацвёртай гадзіны. Лынькоў.

ме́льнік, ‑а, м.

Тое, што і млынар. [Аканом:] — У мяне млын стаіць. Мельнік памёр. Бярыся, калі хочаш, малоць. Умееш? Чорны.

ме́льнічыха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.

Разм. Жонка мельніка.

мельхіёр, ‑у, м.

Сплаў медзі з нікелем серабрыстага колеру.

[Ням. Melchior.]

мельхіёравы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з мельхіёру. Мельхіёравая лыжка.

мемара́ндум, ‑а, м.

Дыпламатычны дакумент, у якім выказаны погляды ўрада дзяржавы па якому‑н. пытанню.

[Ад лац. memorandum — што трэба помніць.]

мемарыя́л ​1, ‑а, м.

1. Уст. Кніга для запісаў.

2. Спец. Бухгалтарская кніга для запісу гандлёвых аперацый.

[Лац. memorialis — памятны.]

мемарыя́л ​2, ‑а, м.

Манументальнае скульптурнае збудаванне-помнік на месцы якой‑н. падзеі. Валгаградскі мемарыял. Брэсцкі мемарыял. Мемарыял Хатынь.

[Лац. memorialis — памятны.]

мемарыя́л ​3, ‑у, м.

Традыцыйнае спартыўнае спаборніцтва ў гонар якой‑н. асобы ці падзеі.

[Лац. memorialis — памятны.]

мемарыя́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для ўвекавечання памяці якой‑н. асобы або падзеі. Мемарыяльны комплекс.

•••

Мемарыяльная дошка гл. дошка.

[Ад лац. memoria — памяць.]