Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

хваробатво́рны, ‑ая, ‑ае.

Які выклікае захворванне. Хваробатворныя мікробы.

хваробаўсто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

Слабаўспрыімлівы або неўспрыімлівы да хвароб (пра расліны). Хваробаўстойлівыя сарты лёну.

хваро́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хваробы, выклікае хваробу. Хваробныя бактэрыі.

хварту́х, ‑а, м.

Абл.

1. Рабочае адзенне ў выглядзе куска тканіны, скуры, брызенту пэўнага фасону і памеру, якое падвязваюць спераду, каб засцерагчы ад забруджвання сукенку, спадніцу, касцюм. Нявестка сабрала ў хвартух відэльцы, лыжкі, чаркі і выйшла. Кавалёў. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і хвартух новы падвязала. Брыль. Сам Міхал ужо не працуе — працуюць яго чатыры сыны, якія стаяць пры горнах, — кожны ў скураным хвартуху... Пестрак.

2. Скураная, брызентавая, палатняная покрыўка, запона, што засцерагаюць машыны, механізмы і пад. ад пылу, бруду.

хварэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. на што, чым і без дап. Быць хворым на якую‑н. хваробу. [Оля:] — Бацька здаўна хварэе на сэрца. Мележ. Стары жыватом хварэў. Лось. [Нахлябіч] пеша ў горад хадзіў.., аж хварэў пасля гэтакай нялюдскай дарогі. Чорны.

2. перан.; за каго-што. Трывожыцца, непакоіцца аб кім‑, чым‑н. Хварэць за план. □ Тое, што .. [Наташа] хварэла за поспехі і няўдачы брыгады, было звычайным праяўленнем яе натуры. Краўчанка. Усім, хто меў дачыненне да калгаса і хварэў за яго лёс, зрабілася не па сабе. Ясна, сіласу было мала. Ермаловіч. // чым. Востра перажываць што‑н. Сапраўдны паэт, на думку Янкі Лучыны, неразлучны са сваім народам, ён тужыць яго тугою, хварэе яго хваробамі. Ларчанка. // на што, чым. Мець які‑н. недахоп, якую‑н. слабасць. Я быў нехлямяжы, сарамлівы і гарачліва, затоена хварэў на самалюбства. М. Стральцоў. [Максім:] — Можа, [Сашка] проста хварэе нездаровай цікавасцю. Машара.

3. перан.; за каго-што. Хвалявацца за чые‑н. спартыўныя поспехі. Па тэлевізары перадавалі футбольны матч. Клаўдзія Пятроўна пачала бурна хварэць за мінскае «Дынама». Васілёнак.

•••

Хварэць душой — трывожыцца за каго‑, што‑н.

Хварэць на пана — весці сябе фанабэрыста, высакамерна ў адносінах да каго‑н.

хваставы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да хваста. Хваставы плаўнік.

2. Які знаходзіцца ў хвасце, у канцы чаго‑н. Хваставы вагон. □ Хваставыя чырвоныя агні поезда глядзяць з начы на .. [Яругіна].., але неўзабаве і яны знікаюць. Карамазаў.

•••

Хваставое апярэнне самалёта гл. апярэнне.

хваста́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хвастаць.

хвастану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да хвастаць (у 1 знач.).

2. перан. Разм. Выказаць адкрыта непрыемную праўду ў вочы. Натура ўжо гэткая: ніколі не сцярплю, па вачах праўдай хвастану. Савіцкі.

хваста́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад хвастаць.

2. у знач. прым. Якога хвасталі, секлі. Сын бітага, хвастанага бацькі, .. ён [Буланцоў] прагнуў кар’еры як адзінага сродку пазбавіцца ад навакольных жахаў. Караткевіч.

хваста́ты, ‑ая, ‑ае.

З вялікім або густым хвастом. Вогненная хвастатая прыгажуня-лісіца жыла ў лагеры даўно. Няхай. Міма праплываюць прыгожыя хвастатыя птушкі. «ЛіМ». // Які мае хвост, доўгі канец. Хвастатая камета.