ма́слены, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да масла. Масленая вытворчасць. Масленая пляма.
2. Спец. Які працуе на масле (у 2 знач.), пры дапамозе масла. Маслены выключацель. Маслены фільтр.
3. Намазаны, насычаны маслам. [Таня] нахілілася, падняла масніцу падлогі і дастала, з-пад яе нешта, загорнутае ў масленую анучку. Шамякін. Дудзько са шчаціністай чорнай барадой, з масленымі валасамі, падстрыжанымі «пад гаршчок», .. сядзеў у канцы стала. Пестрак.
4. перан. Саладжавы, ліслівы, падлізлівы. Рэгістратар глытае масленыя словы Гарбулёва. Бядуля. Такі ён [ханжа] маслены, прылізаны, харошы, А што ні слова — то з варэннем пірагі... Валасевіч.
5. перан. Як бы пакрыты маслам; юрлівы (пра вочы, позірк).
•••
Масла масленае гл. масла.
маслёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Вадкасць, якая застаецца пасля збівання масла. Зноў пайшла [жанчына] у хату і вярнулася з двума вялікімі кубкамі і збанком яшчэ свежай маслёнкі. Брыль.
2. Прыстасаванне для змазкі машын. Ручная маслёнка. Аўтаматычная маслёнка. □ Прамазучаны змазчык, жангліруючы на хаду пустой маслёнкай, пайшоў па пероне. Лынькоў.
маслі́на, ‑ы, ж.
1. Вечназялёнае субтрапічнае пладовае дрэва сямейства масліпавых з пладамі, падобнымі на сліву; аліва.
2. Плод гэтага дрэва. Кансерваваныя масліны.
маслі́навы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да масліны. // Падобны на плод масліны. Язык Пачулія пачаў блытацца, маслінавыя вочы затуманіліся. Самуйлёнак.
2. у знач. наз. маслі́навыя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносіцца масліна, бэз, ясень і інш.
ма́сліца, ‑а, м.
Ласк. да масла (у 1 знач.).
ма́сліцца, ‑ліцца; незак.
1. Блішчаць, ільсніцца. Вочы блішчалі і масліліся.
2. Зал. да масліць.
ма́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.
Намазваць або паліваць маслам што‑н.
масля́к, ‑а, м.
Грыб з жоўта-карычневай ліпкай шапкай; казляк. У маладых, з пясчаным долам сасняках ледзь не на кожным кроку купкі маслякоў. Навуменка.
масляні́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць масляністага; утрыманне масла, масляністых рэчываў у чым‑н. Масляністасць пладоў.