адме́рны, ‑ая, ‑ае.
Размерны, рытмічны, аднастайны. Бурлівая рэчка і млын гутарлівы Адмерным, раскоцістым плюскатам вод Складалі мне рытму мастацкія звівы. Купала.
адме́рці, адамрэ; пр. адмёр, ‑мерла; зак.
Страціць жыццяздольнасці загінуць; стаць нежывым (пра часткі арганізма, расліны). Клеткі тканак адмерлі. Знізу сучкі на дрэве адмерлі. // перан. Страціць жыццяздольнасць; знікнуць (пра грамадскія з’явы, асаблівасці быту і пад.).
адме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце, ‑мятуць; пр. адмёў, ‑мяла, ‑мяло; заг. адмяці; зак., што.
Падмятаючы, адсунуць убок. Адмесці смецце з праходу. Адмесці снег ад ганка. // перан. Адхіліць, адкінуць што‑н. як непатрэбнае ці нерэальнае. Выступіла Маша. Яна смела адмяла ад Шароўкі ўсе лішнія абвінавачанні. Шамякін.
адме́та, ‑ы, ДМ ‑меце, ж.
Прыкмета, характэрная рыса. Спрадвечная адмета восені — цішыня — жыла тут. Пташнікаў.
адме́тнасць, ‑і, ж.
Якасць адметнага; характэрнасць. У гэтым лісце [Багдановіча], асабліва ў яго канцоўцы, сапраўды добра вызначаны асноўныя вартасці паэтычнай адметнасці Купалы. Лойка.
адме́тны, ‑ая, ‑ае.
Не падобны да іншых; своеасаблівы, непаўторны, характэрны. Леапольд Гушка быў адметны ад тутэйшых людзей: штосьці было адмысловае ў яго вымаўленні. Чорны. Лес жыў сваім адметным жыццём таемнасці і зачараванасці. Адамчык.
адме́цены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад адмесці.
адме́ціна, ‑ы, ж.
Знак, пастаўлены для выдзялення чаго‑н., указання на што‑н.; метка. [Дзед] спакойны, бо ніхто не адважыцца выкапаць дрэўца без адмеціны. Асіпенка. // След ад чаго‑н. Кулі прасвірчэлі ў паветры, слізганулі па насціле моста, упляміўшы яго белымі рванымі адмецінамі. Лынькоў.
адмільга́ць, ‑ае; зак.
1. Скончыць, перастаць мільгаць. Адмільгалі прыдарожныя прысады.
2. перан. Прайсці, змяніцца (пра час, гады і пад.). [Хор:] Дзесяць год, школьных год адмільгалі, І расстацца нам час настае. Бачыла.
адміністрава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. адміністраваць.