выраўно́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да выраўнавацца.
2. Зал. да выраўноўваць.
выраўно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выраўнаваць.
вы́раўняцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і выраўнавацца. Маршчына не сыходзіла з ілба. Яна толькі выраўнялася і стала глыбейшая. Чорны.
2. Разагнуцца, выпрастацца. Ганна добра відна была.. Рукі былі сашчэплены так, што здалося — не разарве ніхто. Навек. І сама сядзела так, бы не выраўняецца век. Мележ.
3. Размясціцца па прамой лініі; параўняцца. Рабочыя выраўняліся, самкнуўшыся ў стройную калону. Пестрак. // перан. Даганяючы, зраўняцца з іншымі. Колькі летась давялося пахадзіць, паабіваць парогі, каб прыслалі спецыяліста, а цяпер, калі праўленне вылезла з прарыву, выраўнялася, забіраюць работніка з самага цяжкага ўчастка. Сапрыка.
4. Вярнуцца з нахіленага ў гарызантальнае ці вертыкальнае становішча. Самалёт выраўняўся і ўзяў курс на поўнач. Шахавец. [Насця] паклала руку на другі рычаг — машына выраўнялася і, плаўна пагойдваючыся, пайшла па асветленым фарамі прагале. Хадкевіч.
5. перан. Развіваючыся, павялічваючыся, зрабіць непрыкметнай розніцу паміж чым‑н. Рунь паступова выраўнялася. Хлапец выраўняўся і пастрайнеў. // Пазбавіўшыся ад недахопаў, стаць роўным, паслядоўным; ураўнаважыцца. Настрой паступова выраўняўся.
вы́раўняць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.
1. Тое, што і выраўнаваць. Выраўняць палатно дарогі. Выраўняць умяціны.
2. Разагнуць, выпрастаць. Выраўняць плечы.
3. Зрабіць прамым. Выраўняць шарэнгу. Выраўняць рэчышча.
4. Вярнуць што‑н. з нахіленага ў гарызантальнае ці вертыкальнае становішча. Выраўняць самалёт. □ Машыну павяло ўбок, на сосны. Ён паспеў крута выраўняць яе. Шамякін.
вы́рахаваць, ‑рахую, ‑рахуеш, ‑рахуе; зак., што.
Разм. Правільна ўлічыць, прадугледзець усе акалічнасці для дасягнення чаго‑н. Вырахаваць час.
вырахо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да вырахаваць.
вы́рачаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад вырачыць.
вы́рачыся, ‑ракуся, ‑рачашся, ‑рачацца; ‑рачамся, ‑рачацеся, ‑ракуцца; пр. выракся, ‑лася; зак., каго-чаго.
Адмовіцца, не прызнаць сваім каго‑, чаго‑н. Вырачыся родных. □ Якія б у чалавека і на каго з родных не былі б крыўды, усё роўна ён ніколі не вырачацца той хаты, у якой упершыню зірнуў на белы свет. Сабаленка.
вы́рачыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Разм.
1. Тое, што і вытрашчыцца.
2. Злосна паглядзець на каго‑н.
вы́рачыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.
Разм. Тое, што і вытрашчыць. Лыкнуў Яначка чарку і аж вочы вырачыў з непрывычкі. Крапіва.