красо́ўкі, ‑совак; адз. няма.
Лёгкі спартыўны абутак.
красу́н, ‑а, м.
Тое, што і прыгажун. — Не такая я прыгожая. Баюся ўявіць побач з сабой такога красуна. Алешка.
красу́ня, ‑і, ж.
Тое, што і прыгажуня. «А, гэта і ёсць той каморнік, у чыю дачку ўсе тутэйшыя кавалеры закахаліся. Дык вось дзе жыве яна, гэта красуня!» Колас.
кра́сці, краду, крадзеш, крадзе; пр. краў, крала; незак.
1. што. Употай браць, прысвойваць сабе чужое. І ведалі ўсе, што крадзе гэты загадчык усё са складу. Лынькоў.
2. Займацца кражамі, быць злодзеем. Гаспадаркаю ён не займаўся, .. выпіваў, трохі краў і прыставаў да розных цёмных людзей. Колас.
кра́сціся 1, крадзецца; незак.
Зал. да красці (у 1 знач.).
кра́сціся 2, крадуся, крадзешся, крадзецца; пр. краўся, кралася; незак.
Употай прабірацца куды‑н., стараючыся быць незаўважаным. Ціха, асцярожна краўся ўраднік са стражнікам да вёскі Галадранкі. Колас. Саша крадзецца на пальчыках, стараючыся ступаць як мага цішэй. Шамякін. // Асцярожна падбірацца да здабычы (пра драпежнікаў). У малінніку піснула спалоханая птушка: мабыць, пачула, што па паркане, асцярожна перабіраючы лапамі, крадзецца кот. Навуменка. / у перан. ужыв. Мы выходзілі дружна насустрач пагрозе, Што патаемнымі сцежкамі кралася ў дом. Куляшоў.
крат,
У выразе: у сто (у сотні) крат — у сто (у многа) разоў. І славу продкаў і бацькоў Памножым мы ў сотні крат. Астрэйка.
кратаві́нне, ‑я, н., зб.
Разм. Кучкі зямлі, наточаныя кратамі. Дол быў няроўны, паклычаны кратавіннем. Сачанка.
кратало́ўка, ‑і, ДМ ‑лоўцы; Р мн. ‑ловак; ж.
Пастка для лоўлі кратоў. Паставіць краталоўку ў пару.
кра́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Рухацца, варушыцца. Ледзь-ледзь краталася толькі бляшанае лісце асін. Броўка. На левай вудзе кратаўся паплавок. Ваданосаў.
2. перан. Абуджацца, узнікаць (пра пачуцці, думкі і пад.). [Стараста] быў узбуджаны і ўсхваляваны, але гэта ўсё не дасягала глыбіні душы, і недзе ў схаваным кутку краталася радасць. Самуйлёнак.