Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

кіне́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Раздзел тэарэтычнай механікі, які ўключае дынаміку і статыку.

[Ад грэч. kinētikis — рухальны.]

кінеты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кінетыкі. Кінетычная тэорыя.

2. Які мае адносіны да руху. Кінетычная энергія.

кінжа́л, ‑а, м.

Колючая зброя ў выглядзе клінка, вострага з двух бакоў і звужанага па канцы. Лязо кінжала. □ Нечая рука з размаху прабіла кінжалам шынель на грудзях. Брыль.

кінжа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кінжала. Кінжальны штык. // Нанесены, прычынены кінжалам. Кінжальная рана.

•••

Кінжальны агонь гл. агонь.

кінка́н, ‑а, м.

Пладовае дрэва або куст сямейства рутавых, які пашыраны ва Усходняй Азіі. Японскі кінкан.

кіно́, нескл., н.

1. Тое, што і кінамастацтва. Нарада па пытаннях кіно.

2. Тое, што і кінафільм. Глядзець кіно.

3. Разм. Тое, што і кінатэатр. Мне ёсць чым хваліцца І чым захапляцца і Савецкая вуліца Шлях на Маскву, — Тэатры і клубы, кіно і палацы. Броўка.

•••

Касетнае кіно — розныя сістэмы для дэманстравання кінафільмаў на экранах звычайнага тэлевізара з дапамогай спецыяльнага прыстасавання, у якое ўстаўляецца касета або дыск з запісам кінафільма.

Нямое кіно — неагучанае кіно.

кіно́шнік, ‑а, м.

Разм. Работнік кінематаграфіі. Я стаў кіношнікам. Потым, праз шмат гадоў,.. мы ўспаміналі пачатак нашай работы і радаваліся развіццю самага важнага з мастацтваў — кіно. «Маладосць».

кіно́шны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да кіно, кінематаграфіі. У кают-кампаніі сёння кіношны дзень: цікавей і прасцей паглядзець кінафільм там. М. Стральцоў.

кі́нуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад кінуць.

2. у знач. прым. Выкінуты з-за непатрэбнасці. [Яфрэйтар] бачыў .. якісьці кавалак жалеза — ці то абломак абруча, ці то .. шына ад кінутага каляса. Лынькоў.

кі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца.

Зак. да кідацца (у 2, 3, 4 і 5 знач.).