фарматво́рны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і формаўтваральны.
фарма́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фармату. Фарматны стандарт.
фарма́цыя, ‑і, ж.
1. Пэўная ступень, стадыя ў развіцці чалавечага грамадства, якая характарызуецца ўласцівым толькі ёй спосабам вытворчасці і адпаведнай гэтаму спосабу надбудовай. Заслуга Маркса ў распрацоўцы тэорыі навуковага камунізма заключаецца ў тым, што ён даў характарыстыку асноўных рыс камуністычнага грамадства. Ён упершыню паказаў, што сацыялізм і камунізм уяўляюць сабою не розныя грамадска-эканамічныя фармацыі, а толькі дзве фазы аднаго і таго ж камуністычнага грамадства, заснаванага на адным і тым жа спосабе вытворчасці. Лушчыцкі. Калгасны лад выхаваў селяніна новай фармацыі, вывеў яго на шырокую арэну грамадскага жыцця. «Звязда».
2. Спец. Комплекс генетычна звязаных горных парод аднаго часу і спосабу ўтварэння. Юрская фармацыя.
3. Спец. Раслінныя згрупаванні, якія характарызуюцца адным або некалькімі агульна-біялагічнымі відамі.
[Лац. formatio — утварэнне, від.]
фармацэ́ўт, ‑а, М ‑ўце, м.
Спецыяліст з фармацэўтычнай адукацыяй. [Настуля] таксама вучыцца ў медыцынскім вучылішчы на фармацэўта. Гроднеў.
[Грэч. pharmakeus — які робіць лякарства ад pharmakon — лякарства.]
фармацэ́ўтыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
Комплекс дысцыплін, якія вывучаюць пытанні здабычы, апрацоўкі вырабу, захоўвання і водпуску лекавых сродкаў.
[Грэч. pharmakeutikē.]
фармацэўты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да фармацэўтыкі, фармацэўта. Для фармацэўтычных прадпрыемстваў нарыхтавана амаль сто тон каштоўных відаў лекавых раслін. «Звязда». // Лекавы. Фармацэўтычныя вырабы.
фармірава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. фарміраваць і фарміравацца.
2. Сфарміраванае вайсковае злучэнне, часць. Вайсковае фарміраванне.
фармірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
1. Складвацца, набываць пэўную форму, выгляд у выніку развіцця, росту. Сучасная паверхня Беларусі фарміравалася на працягу вялікага прамежку часу. // Развівацца фізічна. // перан. Набываць закончанасць, сталасць у выніку развіцця, змен. У падарожжах фарміруецца і мацнее характар. В. Вольскі. Ігнась з рамана «Сын», таксама як і Рыгор з «Сокаў цаліны», паслядоўна фарміруецца ў рэвалюцыйнага барацьбіта. Перкін.
2. Складвацца, стварацца, арганізоўвацца (пра калектыў, групу, орган і пад.). [Сакольны:] — Усім вам, таварышы, вядома, што гэтая група фарміруецца не па загаду, а добраахвотна. Кулакоўскі. // Стварацца шляхам камплектавання людзьмі, матэрыяльнай часткай (пра вайсковую часць). [Алёкса:] — Наша дывізія фарміравалася ў Валагодскай губерні, ваявала супраць англічан і амерыканцам. Машара.
3. Складацца з вагонаў, суднаў шляхам размяшчэння іх у пэўным парадку. — Браткі! — падышоў з цяжкай ношай Станіслаў. — Дзе фарміруецца поезд на Познань? Гурскі.
4. Зал. да фарміраваць.
фармірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.
1. Выпрацоўваць у каго‑н. адпаведныя рысы характару, светапогляд і пад. Фарміраваць характар. □ Час фарміруе людзей, але, хочаш ці не хочаш, людзі адказваюць за час. Карпаў. Не прафесія, якая б рамантычная яна ні была, фарміруе паэтычны талент. «Полымя».
2. Арганізоўваць, ствараць (калектыў, установу і пад.). Фарміраваць у рад. Фарміраваць кабінет. // Арганізоўваць вайсковае падраздзяленне, камплектуючы людзьмі і матэрыяльнай часткай. У кашарах узнік адпраўны пункт. Тут выдавалі зброю, фарміравалі атрады, прызначаліся камандзіры. Мікуліч. [Уладзік Каржакевіч:] — Паны конніцу фарміруюць, добра плацяць. Крапіва.
3. Састаўляць (поезд), счэпліваючы ў адпаведным парадку вагоны. Варта было паглядзець на .. [Віталя] ў тыя хвіліны, калі ён фарміраваў ці расфарміроўваў таварныя саставы, што бесперапынна прыбывалі на вузел. Васілёнак.
фарміро́вачны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для фарміроўкі. Фарміровачны пункт.